Войска Ізраіля пацвердзіла ліквідацыю верхавода «Хезбалы»
- 28.09.2024, 11:40
- 5,114
Раскрытыя падрабязнасці аперацыі.
Войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) заявіла пра ліквідацыю верхавода «Хезбалы» Хасана Насралы ў выніку ўдару па Бейруце.
«27 верасня 2024 года, Хасан Насрала, лідар тэрарыстычнай арганізацыі «Хезбала» і адзін з яе заснавальнікаў, быў ліквідаваны ЦАХАЛам разам з Алі Каркі, камандзірам Паўднёвага фронту “Хезбалы”, і іншымі камандзірамі “Хезбалы”», – гаворыцца ў сённяшнім паведамленні.
«Атрымаўшы дакладныя выведзвесткі ад ЦАХАЛа і ізраільскіх службаў бяспекі, знішчальнікі ВПС Ізраіля нанеслі прыцэльны ўдар па цэнтральным штабе тэрарыстычнай арганізацыі “Хезбала”, які размяшчаўся пад зямлёй у жылым доме ў раёне Дахія ў Бейруце», – заявілі ў ЦАХАЛ.
Нагадаем, войска абароны Ізраіля (ЦАХАЛ) напярэдадні паведаміла пра «дакладны ўдар» па галоўным штабе руху «Хезбала» ў Бейруце (Ліван). Ізраільскія СМІ пісалі пра магчымую гібель лідара «Хезбалы».