Зяленскі анансаваў новыя абаронныя дамоўленасці
- 21.10.2025, 17:55
- 2,604
Стаўка на авіяцыю і СПА.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі правёў нараду з сакратаром РНБО Украіны Рустэмам Умеравым і акрэсліў ключавыя прыярытэты ў сферы абароны. Пра гэта ён напісаў у Telegram.
Кіраўнік украінскай дзяржавы падкрэсліў, што Украіна рыхтуе новыя абаронныя дамоўленасці, якія дазволяць узмацніць баявую авіяцыю і сфармаваць моцныя Паветраныя сілы для доўгатэрміновай бяспекі краіны.
«Важна, каб усе нашы дзяржаўныя інстытуты і складнікі Сіл абароны, задзейнічаныя ў падрыхтоўцы і тыя, што будуць задзейнічаныя ў рэалізацыі пагаднення, былі належным чынам скаардынаваныя», — напісаў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны таксама паведаміў, што на гэтым тыдні адбудуцца сустрэчы з еўрапейскімі лідарамі і партнёрамі з кааліцыі краін, якія дапамагаюць Украіне. Паводле яго слоў, кожны партнёр павінен выразна разумець, як можа падтрымаць Украіну найбольш эфектыўна менавіта цяпер.
Сярод ключавых пытанняў ён назваў патрэбы ў СПА, напаўненне абаронных пакетаў, пашырэнне праграмы PURL, забеспячэнне абсталяваннем для аднаўлення энергетыкі, а таксама каардынацыю ў ўзмацненні санкцый.
Акрамя таго, падчас нарады абмеркавалі парадак дня будучых пасяджэнняў Стаўкі і патрэбы абароннай прамысловасці.
— Дэталёва працуем над патрэбамі нашай абароннай прамысловасці. І каб такія патрэбы задавальняліся максімальна поўна, у прыватнасці, адбудзецца трансфармацыя апарату РНБО, — заявіў ён.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што паказчык забеспячэння фронту ўкраінскай зброяй да канца года павінен складаць не менш як 50%, і гэтую задачу неабходна выканаць.