«Сёння ёсць што святкаваць»
- 13.12.2025, 22:38
- 1,912
Героі змагаюцца за Беларусь кожны дзень.
Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі пракаментаваў выхад на волю 123 палітвязняў:
- Жыве Беларусь! Сёння радасны дзень — 123 закладнікі вызвалены з лукашэнкавых засценкаў і паводле звыклай схемы выштурхнутыя за межы Беларусі.
Сярод іх апошні з маіх аднадзельнікаў — Павал Севярынец — нязломны, шчыры, адданы патрыёт Беларусі. Такіх людзей не пазбавіш радзімы — яна назаўсёды ў іхнім сэрцы і душы.
Ніякія турмы і высылкі не дапамогуць дыктатару іх перамагчы. І не хітраму падонку вырашаць будучыню нашай Беларусі, а сапраўдным беларусам. Тым, хто, не шкадуючы часу, здароўя і жыцця, змагаўся і змагаецца за яе кожны дзень. А сёння — святкуем!
Нагадаем, што сёння Лукашэнка вызваліў 123 палітвязняў.
Сярод тых, хто выйшаў на волю, — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, апазіцыйны палітык Павал Севярынец, праваабаронца Уладзімір Лабковіч і шэраг іншых вязняў сумлення.
Большасць памілаваных былі гвалтоўна вывезеныя на тэрыторыю Украіны.