Алесь Бяляцкі: У маім выпадку муры турмы апынуліся «шкляныя»
- 14.12.2025, 13:19
- 8,316
Лаўрэат Нобелеўскай прэміі даў інтэрв'ю ў аэрапорце Вільнюса.
Вызвалены з калоніі праваабаронца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі сустрэўся ў Вільнюсе са сваёй жонкай Наталляй Пінчук. Відэа сустрэчы апублікавала «Радыё Свабода».
Наталля Пінчук прыляцела ў Вільнюс з Осла і упершыню за апошнія тры гады змагла ўбачыць свайго мужа. Сустрэча адбылася ў вільнюскім аэрапорце.
Алесь Бяляцкі распавёў журналістам, што пакуль яго везлі ў Літву, ён змог пагаварыць з жонкай па тэлефоне, які яму далі амерыканскія дыпламаты.
Наталля Пінчук кажа, што пра вызваленне мужа даведалася таксама ад дыпламатаў. На пытанне пра цяперашнія планы на жыццё, жанчына адказала так:
«Пакуль ніякіх. Я прывыкла жыць адным днём, дык, напэўна, гэтая звычка не хутка міне. Будзе дзень — будзе жыццё, убачым».
Алесь Бяляцкі распавёў, што падчас зняволення ў яго з жонкай месяцамі не было кантакту. За 2025 год яму перадалі ад яе толькі адзін ліст, а да Наталлі не дайшло ніводнага.
«У маім выпадку муры турмы апынуліся „шкляныя“ — заўсёды знаходзіліся людзі, не часта, але раз на некалькі месяцаў, якім я давяраў, якія звязваліся з маёй жонкай і распавядалі, якая ў мяне сітуацыя», — кажа Алесь.
Бяляцкі выказаў надзею, што вызваленне палітвязняў працягнецца.

Нагадаем, што ўчора Лукашэнка вызваліў 123 палітвязняў.
Сярод тых, хто выйшаў на волю — лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, апазіцыйны палітык Павал Севярынец, праваабаронца Уладзімір Лабковіч і шэраг іншых вязняў сумлення.
Большасць памілаваных былі гвалтоўна вывезеныя на тэрыторыю Украіны.