Украінскія СМІ: Бабарыка і Калеснікава адмовіліся гаварыць пра сваё стаўленне да вайны
78- 15.12.2025, 9:00
- 22,002
Яны спаслаліся на недахоп інфармацыі.
Украінскія СМІ звярнулі ўвагу на прэс-канферэнцыю вызваленых беларускіх палітвязняў, якая прайшла 14 снежня. Медыя зрабілі акцэнт на тым, што вызваленыя беларускія палітвязні адмовіліся гаварыць пра сваё стаўленне да вайны Расіі супраць Украіны, спаслаўшыся на недахоп інфармацыі.
Прэс-канферэнцыя Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай, Уладзіміра Лабковіча і Аляксандра Фядуты прайшла ў Чарнігаве:
— «У тых умовах, у якіх мы знаходзіліся, доступ да інфармацыі быў вельмі абмежаваны. Мы атрымлівалі інфармацыю толькі з беларускіх дзяржаўных СМІ — я цяпер не кажу, праўдзівая яна ці не, але яна была аднабокая. Таму каментаваць і даваць ацэнкі, ведаючы пазіцыю толькі аднаго боку, бессэнсоўна», — сказаў банкір Віктар Бабарыка, якога не дапусцілі да выбараў прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе.
Кіраўніца яго штаба Марыя Калеснікава заявіла, што спачувае і раздзяляе «страты Украіны, страты Расіі і ўсіх, хто тут церпіць». Таксама сярод тых, каго яна падзякавала за сваё вызваленне, быў «Аляксандр Рыгоравіч».
Ніводзін з чатырох удзельнікаў мерапрыемства не выказаў прамой падтрымкі беларускім добраахвотнікам, якія ваююць ва Украіне, пераважна спасылаючыся на тое, што «вайна — гэта дрэнна».