МЗС Украіны: Лукашэнку не ўдасца пазбегнуць адказнасці
6- 15.12.2025, 13:33
- 5,014
Вызваленне палітвязняў набліжае свабоду Беларусі.
Міністэрства замежных спраў Украіны пракаментавала выхад на волю 123 беларускіх палітвязняў, якія былі вызваленыя рэжымам Лукашэнкі пасля перамоваў з дэлегацыяй ЗША.
Кіеў нагадвае рэжыму ў Мінску пра адказнасць:
— Вызваленне людзей, якіх кінулі за краты толькі за імкненне быць свабоднымі, стала магчымым дзякуючы сумесным намаганням Злучаных Штатаў Амерыкі, асабіста прэзідэнта Дональда Трампа, усёй дэмакратычнай супольнасці, усіх праваабаронцаў і недзяржаўных арганізацый, якія на працягу многіх гадоў не спынялі барацьбу за іх свабоду.
Мы верым, што вызваленне палітвязняў будзе набліжаць і вызваленне Беларусі як краіны — яна ўжо шмат гадоў знаходзіцца пад васальным кіраваннем Масквы і ў няволі рэжыму Лукашэнкі, які, у прыватнасці, выкарыстоўвае людзей як жывы тавар для абмену на палітычныя індульгенцыі.
Мы перакананыя, што аднойчы Беларусь урэшце вернецца ў сваё натуральнае становішча свабоднай, дэмакратычнай еўрапейскай краіны. Этаму будуць спрыяць і цяперашнія вызваленыя — ад лаўрэата Нобелеўскай прэміі, грамадскіх і палітычных дзеячаў да звычайных свабодалюбных людзей.
Аляксандру Лукашэнку і ўсім, хто датычны да масавых парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, не ўдасца пазбегнуць адказнасці за ўсе ўчыненыя злачынствы — як у дачыненні да беларускіх грамадзян і Беларусі, так і ў дачыненні да Украіны і ўкраінскага народа.
Міністэрства замежных спраў выказвае падзяку Каардынацыйнаму цэнтру па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі за садзейнічанне ў правядзенні гэтай важнай гуманітарнай аперацыі.