Кніга Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай» выйшла на беларускай мове
- 17.12.2025, 11:17
Яе можна набыць на папулярнай платформе «Кнігаўка».
Новая кніга вядомага амерыканскага гісторыка і публіцыста Юрыя Фельштынскага «Беларусь Наталлі Радзінай: журналістка супраць дыктатара» выйшла на беларускай мове ў выдавецкiм агенцтве «EkoPress». Яе можна набыць на папулярнай платформе выдавецтва «Янушкевiч» «Кнігаўка», а таксама ў кнiжнай краме «Кнігаўка» у Варшаве па адрасе: ul. Kłopotowskiego 4.
Кніга ўжо была прэзентаваная на Кірмашы гістарычнай кнігі ў Варшаве, які праходзіў 29–30 лістапада.
Раней «Беларусь Наталлі Радзінай» з’явілася на рускай і ўкраінскай мовах.
Юрый Фельштынскі — аўтар такіх кніг, як «ФСБ узрывае Расію», «Карпарацыя: Расія і КДБ у часы прэзідэнта Пуціна», «Трэцяя сусветная. Бітва за Украіну» і іншых. На гэты раз ён звярнуўся да гісторыі сучаснай Беларусі, апісанай праз жыццё аднаго чалавека — вядомай беларускай журналісткі Наталлі Радзінай.
«Наталля Радзіна — сведка і ўдзельніца беларускіх падзей апошніх дзесяцігоддзяў. У кнізе разам са сваімі калегамі і аднадумцамі — Андрэем Саннікавым, Дзмітрыем Бандарэнкам і Аляксандрай Герасіменяй — яна распавядае пра тое, як беларусы на працягу дзесяцігоддзяў самаахвярна змагаюцца за свабоду сваёй краіны. Праз лёс аднаго журналіста прасочваецца лёс усяго народа, які адстойвае сваю незалежнасць.
Чытач акунецца ў жыццё гэтай смелай жанчыны, якая прайшла шлях ад шараговай журналісткі да галоўнага рэдактара вядучага беларускага апазіцыйнага сайта «Хартыя’97», і стане сведкам рэвалюцыйных падзей і пратэстнага руху, што пачаліся ў Беларусі ў 1995 годзе і не знікаюць па сённяшні дзень.
Ён пазнаёміцца з летапісам шматлікіх палітычных забойстваў, арганізаваных беларускімі спецслужбамі па загадзе дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, разам з Радзінай перажыве яе турэмныя будні, адчуе радасць вызвалення і складанасці ўнікальных уцёкаў ад КДБ з Беларусі, стане сведкам яскравых і незабыўных сустрэч з такімі вядомымі сучаснікамі, як Станіслаў Шушкевіч, Лех Валенса, Анджэй Вайда, Барыс Нямцоў, Леанід Неўзлін, Хілары Клінтан і іншымі.
Прачытаўшы гэтую кнігу, чытач убачыць, што Беларусь, хоць і была часткай Расійскай імперыі і СССР, з'яўляецца асобнай самабытнай краінай; што з сярэднявечча Беларусь лічыла сябе часткай Еўропы і арыентавалася на Захад, а зусім не на Усход; што будучыня Беларусі, вызваленай ад дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, — з Еўрасаюзам, а не з Расіяй, якая фактычна акупавала краіну, і чыя бяспека ўрэшце можа быць забяспечана толькі сяброўствам у НАТА.
Але галоўная выснова, якую можа зрабіць чытач, заключаецца ў тым, што, нягледзячы на часовыя паразы і пралітую кроў, арышты і пакаранні смерцю апошніх дзесяцігоддзяў, адсутнасць рэальнай дапамогі звонку, беларуская дэмакратыя жыве, а беларусы працягваюць змагацца за свабоду», — піша Юрый Фельштынскі пра сваю кнігу.

Кнігу «Беларусь Наталлі Радзінай» можна набыць:
Беларускае выданне — на платформе «Кнігаўка» i кнiжнай краме «Кнігаўка» у Варшаве па адрасе: ul. Kłopotowskiego 4.
Рускае выданне — на сайце выдавецтва «ISIA Media» і на Amazon.
Украінскае выданне — у «Друкарскім двары Алега Фёдарава» і на Yakaboo.