У Віцебску частка вакзала пойдзе з малатка
- 17.12.2025, 14:59
- 1,436
Сам будынак быў пабудаваны яшчэ ў 1960 годзе.
Трохпавярховы адміністрацыйны будынак Віцебскага аддзялення Беларускай чыгункі — самы дарагі аб’ект дзяржаўнай маёмасці, выстаўлены на продаж за ўсе апошнія гады на Віцебшчыне.
Ацэначны кошт аб’екта складае больш за 8 млн рублёў.
Сам будынак быў пабудаваны яшчэ ў 1960 годзе, але пасля правядзення рэканструкцыі ў 2010 годзе ён істотна змяніўся і набыў сучасны прывабны выгляд, паведамляецца на сайце Віцебскага аблвыканкама.
У склад корпуса ўваходзілі касы рэгіянальных ліній, якія цяпер пераехалі ў асноўны будынак вакзала. Таксама тут на першым паверсе размешчаны прадуктовая крама, цырульня, ёсць складскія памяшканні.
На другім і трэцім паверхах размешчаны кафэ, кандытарскі цэх і адміністрацыйныя памяшканні. Многія памяшканні, дзякуючы ўдаламу месцазнаходжанню, цяпер здадзены ў арэнду.
Агульная плошча корпуса складае 2725 кв. метраў.