Кіраўнік КДБ: У 2020-м Праташэвіч «зліваў» сілавікам маршруты пратэстаў
23- 24.12.2025, 14:32
- 10,384
Тэртэль пахваліў экс-удзельніка праекта NEXTA за працу.
Старшыня КДБ Іван Тэртэль распавёў, якую інфармацыю за мяжой здабываў экс-удзельнік праекта NEXTA Раман Праташэвіч у якасці разведчыка, перадае БелТА.
— Пацвярджаю: так, Праташэвіч з’яўляецца супрацоўнікам нашай вонкавай разведкі. Гэты чалавек працаваў на тэрыторыі шэрагу дзяржаў у баявой абстаноўцы. Выконваў важныя задачы. Вядома, пра іх я казаць не магу. Мабыць, да канца (так бывае ў нашай прафесіі) гэта не будзе раскрыта. Але яго ўклад быў даволі сур’ёзны па шэрагу аспектаў, — сказаў кіраўнік КДБ.
У 2020 годзе сілавікі штодня абмяркоўвалі магчымыя дзеянні ўдзельнікаў пратэстаў, у тым ліку — іх маршруты:
— У гэтай інфармацыі была істотная доля даных, якія здабываў Праташэвіч. Таму нашы праваахоўныя органы ў той перыяд дзейнічалі дастаткова ўпэўнена, ведалі, як будзе развівацца сітуацыя, — заявіў Тэртэль.
Таксама кіраўнік КДБ заявіў, што Праташэвіч перадаваў лукашэнкаўскім спецслужбам звесткі пра сустрэчы экс-прэм’ера Польшчы Матеуша Маравецкага з прадстаўнікамі беларускай апазіцыі.
Блогер Раман Праташэвіч — былы галоўны рэдактар тэлеграм-каналаў NEXTA і «Беларусь галаўнога мозгу». Пазней ён працаваў у офісе Святланы Ціханоўскай.
23 мая 2021-га авіялайнер Boeing 737-8AS ірландскай авіякампаніі Ryanair, на якім знаходзіўся Праташэвіч, быў пасаджаны ў Беларусі.
Блогер актыўна ілжыва сведчыў супраць беларускіх палітвязняў. 31 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што Праташэвіч працаваў на беларускую разведку.
Зазначым, сайт Charter97.org пісаў, што Раман Праташэвіч мог быць агентам або нават афіцэрам беларускіх спецслужбаў.