Украіна ўвяла санкцыі супраць дзвюх буйных беларускіх кампаній
- 17.08.2025, 21:58
- 8,902
Яны прадугледжваюць блакаванне актываў, абмежаванні ў фінансавых аперацыях.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб увядзенні чарговых санкцый супраць фізічных асобаў і кампаній. Сярод іх у тым ліку беларускія прадпрыемствы.
Пад абмежаванні патрапілі Менскі завод шасцерняў і Менскі навукова-даследчы прыборабудаўнічы інстытут (МНДПІ). Санкцыі сярод іншага прадугледжваюць блакаванне актываў, абмежаванні ў фінансавых аперацыях.
Як паведамляе «РБК-Украіна», гаворка ідзе пра чарговы санкцыйны пакет, накіраваны супраць кампаній і арганізацый, якія наўпрост задзейнічаныя ў развіцці расейскіх беспілотных тэхналогій з выкарыстаннем штучнага інтэлекту.
У спіс сярод іншага трапілі расейскія кампаніі «Прагматык» і «Разумныя птушкі». Першая вырабляе дрон «Мікроб 10» – малагабарытны FPV-камікадзэ з электронным аўтапілотам і сістэмай аўтаматычнага захопу мэты. Другая выпускае БПЛА «Сарока» з баявой нагрузкай да 3,5 кг, абсталяваны аптычнай сістэмай утрымання цэлі, здольны абыходзіць зоны радыёценю.
Пад абмежаваннямі таксама знаходзяцца кітайскія кампаніі Dongguan Standard Trading Co., Zhejiang Lianxing Machinery Co., Guangzhou Benquan Import & Export, Shenzhen Sky Bow Navigation Technology, Harbin Bin-Au Technology Development, Topscom Precision Industry. Яны пастаўляюць камплектавальнікі для «Шахедаў» і іншых дронаў: рухавікі, камеры, мікрасхемы, транзістары, рэзістары, рэзанатары, навігацыйныя прымачы і маршрутызатары.
Пад санкцыямі таксама расейскі Цэнтр тэхналогій штучнага інтэлекту «Нейралаб», які распрацоўвае і трэніруе ШІ-мадэлі для беспілотнікаў. Іх праца дазваляе дронам самастойна арыентавацца, распазнаваць і суправаджаць цэлі, а таксама апрацоўваць звесткі з сэнсараў. У гэтым задзейнічаюць значныя вылічальныя рэсурсы, якія прапануюць удзельнікі АНА «ЦТШІ Нейралаб».
«Санкцыі супраць гэтых кампаній і арганізацый маюць стратэгічнае значэнне, бо яны накіраваныя на абмежаванне ключавых ланцугоў у развіцці расейскіх ударных дронаў з элементамі ШІ, здольных наносіць значныя страты на полі бою», – адзначыў упаўнаважаны прэзідэнта Украіны ў пытаннях санкцыйнай палітыкі Уладзіслаў Уласюк.