«У РФ нават спачатку была паніка»
17- 18.08.2025, 13:00
- 29,574
Як ЗША прыгожа нагадалі Пуціну, што ён мае праблемы.
Украінскі палітолаг Ігар Рэйтаровіч у эфіры Radio NV ацаніў «тонкі ход» ЗША, калі першая лэдзі ЗША Мелані Трамп перадала праз свайго мужа і прэзідэнта Дональда ліст кіраўніку Крамля Уладзіміру Пуціну падчас сустрэчы на Алясцы, дзе заклікала яго абараніць дзяцей і паклапаціцца пра будучыя пакаленні ва ўсім свеце:
- З аднаго боку, гэтая тэма для нас сапраўды вельмі важная. Гэта адно з ключавых пытанняў, якія мы ўвесь час уздымаем, нават падчас сустрэч з расейцамі, якія адбываліся ў Турцыі. Таму што мы цудоўна ведаем, што робіць Расея, як яна робіць.
І гэта не проста ваенныя злачынствы. Гэта ўвогуле, паводле вызначэння статута Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, генацыдная практыка, звязаная з дзецьмі, якіх вывозяць, спрабуюць з украінцаў зрабіць расейцаў, і шмат іншых нейкіх такіх рэчаў. Гэта першы момант.
Другі момант. Мне падаецца, тут тонкі быў ход, які звязаны з тым, што ордэр на Пуціна выпісаны менавіта за выкраданне дзяцей. То бок, гэта яшчэ такі напамін з боку Злучаных Штатаў (вельмі прыгожа, дарэчы, зроблены) пра тое, што Пуцін з гэтым мае праблемы — не толькі чыста практычнага характару, бо яны выкрадаюць дзяцей, але яшчэ і на ўзроўні нарматыўна-прававой базы.
І тут не важна, што Штаты не прызнаюць юрысдыкцыю гэтага суда (Міжнароднага крымінальнага суда - Рэд.), тут важны менавіта такі падыход, важны прынцып таго, што адбываецца.
А тое, што гэта адбываецца праз жонку прэзідэнта [ЗША]…Я не ведаю, хто там гэта планаваў, хто быў ініцыятарам, хто наогул прыдумаў гэтую, скажам так, схему, але яна вельмі прыгожая яшчэ ў тым плане, што Трамп некалькі разоў спасылаўся на сваю жонку і казаў, што яна яму расказвала пра расейска-ўкраінскую вайну, яна вельмі ўважліва назірае за ёй. І, відавочна, яе пазіцыя абсалютна не на баку Расейскай Федэрацыі.
Таму, калі з'яўляецца такі ліст, ён вельмі, як некаторыя сказалі, мядовым стылем напісаны, але гэта такі дыпламатычны падыход. Ён як бы і не змяшчае нейкіх наўпроставых рэчаў, але насамрэч ён вельмі відавочны.
Расейцам на гэта трэба неяк рэагаваць. Яны не могуць праігнараваць, бо тут Пуцін расказвае, што «мы з Трампам выдатна пагутарылі, усе супер», і як праігнараваць ліст першай лэдзі?
Дарэчы, у Расеі нават паніка спачатку была. Яны яго абнародавалі, потым прыбралі, потым зноў абнародавалі. Гэта значыць, яны зразумелі, што не здолеюць схаваць, пагатоў, што Белы Дом гэты ліст выклаў, гэта значыць, гэта ўжо былі не чуткі.