Чыноўнікі чакаюць пакідання пасады Лукашэнкам?
19- 18.08.2025, 14:25
- 29,592
Пачаўся адкрыты сабатаж.
Беларусь рыхтуецца зрабіць вялікі фармакалагічны прарыў. Там жа, дзе раней ужо рыхтавалася. Прадпрыемства «БелВітуніфарм», якое павінна было зрабіць айчынную вакцыну ад covid-19, абяцаюць канчаткова запусціць да 2030 года. Праўда, пакуль няма яснасці, як гэта зрабіць, піша planbmedia.io.
«Мы самым падрабязным чынам абмяркоўвалі ваш бізнэс-план, але, як у вядомай прымаўцы, гладка было на паперы, ды забыліся пра яры», — сказаў Лукашэнка ў пятніцу на нарадзе, прысвечанай будучыні беларускай фармакалогіі.
Такую ж нараду і з тым самым «БелВітуніфармам» Лукашэнка праводзіў у 2021 годзе. Тады гаворка ішла аб тым, каб стварыць айчынную вакцыну ад covid-19. Таму што імпартныя вакцыны Аляксандра Лукашэнку не задавальнялі. У асноўным тым, што яны імпартныя. А беларуская вакцына мусіла стаць прарывам у сусветнай фармакалогіі.
«Не праспім, развернемся, значыць, хутка атрымаем вытворчасць з экспартным патэнцыялам на сотні мільёнаў даляраў», - марыў Лукашэнка.
Але нешта пайшло не так. Айчынная вакцына была зарэгістраваная толькі ў канцы 2023 года. Ад наступстваў covid-19 у Беларусі, дзе ўлады выбралі ўнікальны шлях барацьбы з эпідэміяй, дагэтуль памерла 90 тысяч чалавек.
Як (не) зарабіць мільёны
Зарабіць сотні мільёнаў на экспарце ўнікальнай беларускай вакцыны таксама не здолелі. Паводле плану «БелВітуніфарм» у 2024 годзе павінен быў вырабіць 4 мільёны доз вакцыны. На канец 2024 года яе прамысловая вытворчасць так і не пачалася. Як і вытворчасць абяцаных прадпрыемствам вакцын ад алкагалізму і запою. У канцы 2024 года дырэктар прадпрыемства быў прысуджаны да чатырох гадоў турмы за перавышэнне службовых паўнамоцтваў.
«Не скончаны вытворчы комплекс па выпуску вакцын, і дарагое абсталяванне прастойвае. Гэта недапушчальна. Вам выдзелілі немалыя бюджэтныя грошы», - паскардзіўся Лукашэнка.
Але на планы гэты правал не паўплываў. Дакладней, планы сталі яшчэ больш грандыёзнымі. Калі раней гаворка ішла аб вытворчасці некалькі ўнікальных айчынных вакцын, то зараз улады абяцаюць поўнае фармакалагічнае імпартазамяшчэнне.
«Біятэхналогіі - гэта будучыня чалавецтва. Таму тут мы абавязаныя быць першай скрыпкай ці нас не будзе ў будучыні», — сказаў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін.
Праўда, на гэты раз надумалі ўсё ж падстрахавацца з тэрмінамі. Поўны фармакалагічны прарыў абяцаюць да 2030 года. А дагэтуль, глядзіш, і даваць справаздачу аб праведзенай працы не будзе каму.