Расею чакаюць масавыя банкруцтвы і рост беспрацоўя
13- 18.08.2025, 18:16
- 11,980
Работнікі аэрапорта Дамадзедава паведамілі пра зніжэнні заробкаў на 80%.
У Расеі ўзмацняецца эканамічны крызіс. Кампаніі ва ўсёй краіне пераходзяць на жорсткі рэжым эканоміі, скарачаюць заробкі і працоўныя гадзіны, піша Daily Express (пераклад - сайт Charter97.org).
Адразу некалькі прадпрыемстваў абвесцілі пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень, што закране сотні тысяч супрацоўнікаў. Сярод іх - Чалябінскі электраметалургічны завод, КАМАЗ, ГАЗ, а таксама РЧД, Аўтаваз і УАЗ.
Асабліва востра сітуацыя выявілася ў Маскве. Працаўнікі аэрапорта Дамадзедава паведамілі пра зніжэнне заробкаў на 80%. Многія супрацоўнікі зараз будуць атрымліваць толькі пятую частку ранейшага даходу, што выклікала масавыя звальненні - амаль 200 чалавек пакінулі прадпрыемства ў знак пратэсту.
Кіраўніцтва аэрапорта тлумачыць меры каласальнай пазыковай нагрузкай. Агульная пазыка дасягнула 70 млрд. рублёў, а толькі ў 2025 годзе на выплату адсоткаў спатрэбіцца 8 млрд. Новы гендырэктар Андрэй Іваноў прызнаў, што крызіс выкліканы падзеннем пасажырапатоку, стратамі і неэфектыўным кіраваннем.
Праблемы пагаршаюцца ў аграрным сектары. У Растоўскай вобласці ўраджай пшаніцы скараціўся на 24% у параўнанні з мінулым годам - сабралі толькі 8,2 млн. тон. Міністр эканамічнага развіцця Максім Рашэтнікаў прызнаў: "Другі год запар мы сутыкаемся з сур'ёзным зніжэннем валавога збору".
Эканамісты адзначаюць, што спалучэнне высокай інфляцыі,адсоткавых ставак і падзенне ўраджаю фармуе пагрозу масавых банкруцтваў і росту беспрацоўя.