7 студзеня 2026, Серада, 5:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Каракас за тры гадзіны» і калізія Лукашэнкі

12
«Каракас за тры гадзіны» і калізія Лукашэнкі
Фота: AFP

Мадура на допытах раскажа пра пікантныя дэталі свайго супрацоўніцтва з «мінскім сябрам».

Аляксандр Лукашэнка пасля некаторага роздуму катэгарычна асудзіў «акт амерыканскай агрэсіі супраць Венесуэлы». Яго калізію можна зразумець. З аднаго боку, роднасць духу веліць хоць вербальна падтрымаць дружалюбны рэжым у Каракасе, з другога — не з рукі кінуць камень у Дональда Трампа, з якім намечана рэалізаваць «вялікую здзелку».

Трамп жа ўдарам па Венесуэле паказаў, што міратворац ён спецыфічны. Так, цяперашні кіраўнік Белага дома козырае тым, што, быццам, спыніў восем ці колькі там войнаў, лае свайго папярэдніка Джо Байдэна, заяўляючы, што пры ім, Трампе, вайна паміж Расіяй і Украінай не пачалася б. Нарэшце, прэтэндуе на Нобелеўскую прэмію міру.

Але пры гэтым ён несхавана вызнае права моцнага, пасягае на Грэнландыю і Канаду, а цяпер вось вырашыў разабрацца з непажаданым суседам Нікаласам Мадурам.

Створаная пры дапамозе Беларусі СПА не дапамагла

Як заявіў Трамп, Мадура і яго жонка палоненыя і вывезеныя з краіны. Паводле звестак СМІ, аперацыю правёў элітны спецназ «Дэльта Форс». У сталіцы і іншых месцах прагрымелі выбухі. Мяркуючы па ўсім, удары нанесены па шэрагу ваенных аб’ектаў. У небе гаспадарыла авіяцыя ЗША. Як змрочна жартуюць расійскія Z-блогеры, атрымаўся «Каракас за тры гадзіны». Вось, маўляў, як трэба праводзіць СВА.

Тут варта ўзгадаць, што ў свой час Беларусь дапамагала Венесуэле ствараць адзіную сістэму супрацьпаветранай абароны і радыёэлектроннай барацьбы. Але цяпер складаецца ўражанне, што гэтая сістэма бяздзейнічала. Ці амерыканцы яе імгненна падавілі, ці тамтэйшыя вайскоўцы не адважыліся збіваць верталёты ЗША. А магчыма, як мяркуюць расійскія «ваенкары», іх проста падкупілі.

Фармальна Штаты караюць рэжым Мадуры за наркатрафік. Але галоўная прычына — нафта.

У Венесуэле знаходзіцца амаль 20% сусветных пацверджаных запасаў гэтай стратэгічнай сыравіны (для параўнання: у Расіі — 5%). У 2007 годзе ўрад Уга Чавэса, які ўзначальваў краіну да Мадуры, экспрапрыяваў актывы замежных нафтавых кампаній, якія адмовіліся перадаць кантрольны пакет акцый PDVSA — дзяржаўнай нафтагазавай кампаніі Венесуэлы.

Відаць, менавіта гэта меў на ўвазе Трамп, калі заяўляў у снежні: «Памятайце, яны адабралі ў нас усе правы на энерганосьбіты. Яны забралі ўсю нашу нафту зусім нядаўна, і мы хочам яе вярнуць. Але яны яе забралі. Яны забралі яе незаконна».

У дадатак Венесуэла багатая і іншымі карыснымі выкапнямі, уключна з рэдказямельнымі металамі, да якіх у цяперашняга прэзідэнта ЗША асаблівая цікавасць.

Імкненне ўзяць вотчыну Мадуры пад свой кантроль цалкам укладваецца ў стратэгію нацыянальнай бяспекі ЗША, падпісаную Трампам у снежні. Гэты дакумент, які называюць новай версіяй дактрыны Манро, кажа, у прыватнасці, пра намер ЗША поўнаўладна гаспадарыць у Заходнім паўшар’і.

Адзначым, што ў Венесуэле відавочна прысутнічаюць расійскія і кітайскія інтарэсы. Дык што гэтую атаку можна трактаваць і як сігнал Пекіну і Маскве, каб былі асцярожнейшыя.

Праўда, некаторыя эксперты дапускаюць, што тут можа быць дамоўнічок. То-бок Трампу дазваляюць спакойна падмяць Венесуэлу, а ён робіць кітайцам уступку адносна Тайваня і дзеля Крамля будзе мацней ціснуць на Кіеў.

Мінскі аэрадром, здаецца, ужо неактуальны

Пасля таго як Трамп у жніўні мінулага года сенсацыйна патэлефанаваў Лукашэнку, той стаў рабіць выгляд, быццам цяпер з сябрам Дональдам на кароткай назе. І нават пачаў заочна даваць яму парады.

Напрыклад, у снежні праз спецапасланца Трампа па Беларусі Джона Коўла Лукашэнка пераконваў кіраўніцтва ЗША, што ў выпадку ўварвання ў Венесуэлу «будзе другі В’етнам», «таму не трэба там ваяваць, там можна дамовіцца».

Як бачым, бясшабашны Дональд сяброўскай парады не паслухаўся. І, у адрозненне ад Уладзіміра Пуціна, правёў сваю «СВА» філігранна.

Таксама варта ўзгадаць, што пасол Венесуэлы ў Расіі напрыканцы мінулага года двойчы прыязджаў да Лукашэнкі. Другі раз — «пасля ўзгаднення некаторых праблем, пытанняў» з Мадурам. Многія тады дапусцілі, што той шукаў сабе запасны аэрадром.

У снежні ў інтэрв’ю амерыканскай тэлевізійнай кампаніі «Ньюсмакс» (якое, дарэчы, праводзіла жонка Коўла — журналістка Грэта Конвэй ван Састэрэн) Лукашэнка так адказаў на відавочна невыпадковае пытанне, ці гатовая Беларусь прыняць Мадуру ў выпадку яго адстаўкі: «Калі б ён пажадаў прыехаць у Беларусь, дзверы для яго тут адкрытыя. Але пра гэта ніколі, шчыра вам кажу, ніколі не было гаворкі. Мадура не той чалавек, які ўсё кіне і сыдзе, уцячэ. <…> Гэта гераічны мужык».

Як бачым, ЗША не спыталі гераічнага мужыка, ці хоча ён сыходзіць. Па сацсетках і СМІ ходзіць фота (праўда, пакуль невядома, ці яно арыгінальнае), на якім яго вядуць пад рукі двое амерыканцаў у камуфляжы. Генеральная пракурорка ЗША Памэла Бонды заявіла, што Мадура і яго жонка, якіх абвінавачваюць у наркатэрарызме, неўзабаве «сутыкнуцца з поўным гневам амерыканскага правасуддзя на амерыканскай зямлі ў амерыканскіх судах».

Дык што падарожжа сябра Нікаласа ў Мінск, мяркуючы па ўсім, адмяняецца.

З Трампам лепш не жартаваць

Што ж у сухім астатку ад гэтай гісторыі для Беларусі? Прамой пагрозы ні Лукашэнку, ні яго «вялікай здзелцы» з Вашынгтонам, думаю, няма. Трамп не лічыць заганным мець справу з дыктатарамі. І на Мадуру ён апалчыўся не таму, што той узурпаваў уладу, а выключна таму, што стаў на шляху.

І наўрад ці гаспадар Белага дома даведаецца, што далёкі балотны кіраўнік асудзіў агрэсію. А калі Трампу і дакладзюць, дык ён, хутчэй за ўсё, не надасць гэтаму значэння.

Нападаць на Беларусь ЗША пры ўсім авантурызме іх цяперашняга кіраўніцтва няма сэнсу. І справа не толькі ў тым, што гэта далёка, а да таго ж рэжым Лукашэнкі прыкрыты ядзерным шчытам Расіі. Проста няма рэзонаў.

Нафты Беларусь здабывае мала, самім не хапае. О, стоп, шмат калійнай солі! І Лукашэнка нядаўна пахваліўся, што прапанаваў амерыканцам купіць адзін з калійных актываў — прадпрыемства «Недра Нежын» — за 3 млрд долараў.

Тут варта ўзгадаць, што беларускі правіцель не раз дражніў фамільным срэбрам расійскі капітал, але потым даваў ад варот паварот (хіба што «Белтрансгаз» урэшце саступіў). Разборкі Трампа з Венесуэлай паказваюць, што гэтага амерыканскага партнёра лепш не вадзіць за нос. І не толькі ў пытанні калійных актываў.

Успамінаецца таксама, як у 2024 годзе тагачасны прэм’ер Беларусі Раман Галоўчанка па выніках візіту ў Венесуэлу заявіў, што неабходна не толькі захаваць, але і развіць «спадчыну» Лукашэнкі і Чавэса. Цяпер ЗША схапілі чавіста Мадуру і нанеслі ўдар па маўзалеі яго папярэдніка. Наўрад ці гэта была памылка — хутчэй, Вашынгтон такім чынам пасылае мэсідж, што з чавізмам пакончана.

Ці азначае гэта, што на праектах Беларусі ў Венесуэле можна ставіць крыж? Вось тут я б не спяшаўся. Для Трампа грошы не пахнуць, і калі ён палічыць, што супрацоўніцтва з Мінскам у гэтай краіне выгаднае, то цалкам можа даць дабро.

Аднак хто ведае: а раптам Мадура на допытах раскажа пра такія пікантныя дэталі свайго супрацоўніцтва з мінскім сябрам, якія гаспадару Белага дома зусім не спадабаюцца?

У прынцыпе ж, весткі з Венесуэлы наўрад ці ўзрадавалі правіцеля Беларусі. Гэта ж гісторыя пра тое, што ў крытычную хвіліну «верныя саюзнікі» могуць абысціся «глыбокай занепакоенасцю», а то і дапамагчы скінуць надакучлівага кліента.

Гэта таксама гісторыя пра тое, што «адданыя паплечнікі», адкормленая прэтарыянская гвардыя могуць без вагання зліць патрона.

І наогул, смутны спіс сяброў Лукашэнкі, якія не па сваёй волі развіталіся з крэслам аўтакрата (а то і з жыццём), няўмольна папаўняецца: Мілошавіч, Хусэйн, Кадафі, Асад, цяпер вось Мадура. І таму нават з «Арэшнікам» на пазіцыях камусьці, трэба думаць, не надта ўтульна.

Аляксандр Класкоўскі, «Позірк»

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках