Трамп распавёў пра лёгачную чуму ў Расіі
3- 6.10.2026, 7:58
- 2,080
ЗША ўважліва сачаць за сітуацыяй.
У ЗША ўважліва сачаць за сітуацыяй з чумой у Расіі і ў выпадку неабходнасці гатовыя аказаць дапамогу. Пра гэта заявіў Дональд Трамп, адказваючы на пытанні журналістаў.
— Мы надаём гэтаму пытанню пільную ўвагу. Мы толькі што пра гэта даведаліся. І яны называюць гэта пнеўманіяй. А пнеўманію, як вы ведаеце, некалькі гадоў таму лячыць было прасцей. Мікрабы і патагенныя мікраарганізмы сталі непрапарцыйна мацнейшымі. Але мы ім дапаможам. Мы дапаможам ім настолькі, наколькі зможам, — заявіў Трамп.
Нагадаем, 2 кастрычніка расійскія тэлеграм-каналы Baza і Mash, а таксама СМІ паведамілі, што ад лёгачнай чумы памерла 28-гадовая лабарантка супрацьчумнага інстытута Сібіры і Далёкага Усходу.
Пазней губернатар Іркуцкай вобласці Ігар Кобзеў заявіў, што супрацоўніца супрацьчумнага інстытута памерла не ад лёгачнай чумы, а ад «пнеўманіі неўстаноўленай этыялогіі». Пра тое самае 4 кастрычніка заявіў Роспотребнадзор.
Прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў інфармацыю пра магчымую ўспышку чумы не пацвердзіў і не абверг.
«Галоўным ведамствам, кампетэнтным у гэтай галіне, [з'яўляецца] Роспотребнадзор. І менавіта на афіцыйныя заявы Роспотребнадзора трэба арыентавацца, не слухаючы розныя чуткі, розныя разважанні. Ёсць Роспотребнадзор, дзе працуюць высокакваліфікаваныя спецыялісты ў гэтай галіне, давайце прыслухоўвацца да іх афіцыйных заяў», — цытаваў Пяскова ТАСС.
Дзяржсакратар ЗША Марк Рубіа 5 кастрычніка адзначыў, што ў Вашынгтоне зыходзяць толькі з той інфармацыі, якую падаў расійскі бок, аднак уважліва сачаць за сітуацыяй.
«Транспартныя зносіны паміж ЗША і Расіяй цяпер, вядома, вельмі абмежаваныя, але, як і ў любым іншым выпадку, калі нешта падобнае вырвецца вонкі, яно можа хутка распаўсюдзіцца», — адзначыў Рубіа.