Наталля Радзіна: Лукашэнку відавочна папярэджваюць
6- 3.03.2026, 15:40
- 19,114
Ёсць шмат прыкметаў, што беларусы ненавідзяць гэтую ўладу.
Галоўны рэдактар сайта Charter97.org Наталля Радзіна дала вялікае інтэрв'ю YouTube-каналу NEXTA. Якія прыкметы незадаволенасці рэжымам Лукашэнкі ёсць у Беларусі? Як у нашу краіну могуць прыйсці змены? На якіх праектах варта засяродзіцца беларускай дыяспары сёння? Пра гэта і не толькі Наталля Радзіна расказала журналісту NEXTA Дзмітрыю Лупачу.
Вядучы звярнуў увагу на тое, як Наталля Радзіна падымала ў Еўропе тэму стану лідара беларускай апазіцыі Мікалая Статкевіча, які доўгі час знаходзіўся ў рэжыме інкамунікада. Цяпер улады выпусцілі яго на волю пасля інсульту, які здарыўся ў яго ў калоніі. Наталля Радзіна заклікае пільна сачыць за сітуацыяй вакол лідара беларускай апазіцыі і сёння:
— Цяпер самае галоўнае, каб Мікалай Статкевіч змог аднавіць сваё здароўе, у першую чаргу мы павінны думаць менавіта пра гэта. Тое, што з ім адбылося, — яшчэ адна злачынная дзея ўлады. Мікалая Статкевіча давялі да інсульту тымі ўмовамі, у якіх ён знаходзіўся ў зняволенні.
Мы крычалі пра тое, што з ім адбывалася, я асабіста выступала на розных пляцоўках у Еўропе і казала, што жыццё Мікалая Статкевіча ў небяспецы. Нагадаем, мы амаль пяць гадоў не ведалі, дзе ён знаходзіцца. Рэжым інкамунікада найбольш жорсткім чынам ужываўся толькі адносна Статкевіча. Пра іншых палітвязняў хоць нейкая інфармацыя была. Іх бачылі сукамернікі, людзі ў калоніях, пра іх расказвалі, калі выходзілі на волю зняволеныя. А Мікалая Статкевіча ніхто не бачыў. Было вядома, што ён чатыры разы перахварэў на кавід у калоніі, у яго сур'ёзныя праблемы з сэрцам, што ён знаходзіцца ў адзіночнай камеры, яго пастаянна адпраўляюць у штрафны ізалятар, а ўмовы ў гэтай калоніі ў Глыбокім зусім жудасныя, сярэднявечныя. Яго мэтанакіравана забівалі.
Наталля Радзіна захапляецца ўчынкам Мікалая Статкевіча, які адмовіўся пакідаць Беларусь:
— Такіх людзей — не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце — адзінкі. Людзі, гатовыя ахвяраваць сабой дзеля свабоды сваёй краіны, застаюцца ў памяці на вякі.
Лукашэнка ненавідзіць Мікалая Статкевіча, таму што сам з'яўляецца трусам, падонкам і нягоднікам. Дыктатар бачыць перад сабой смелага, адважнага чалавека, які сапраўды любіць Беларусь, гатовы пайсці на ўсё дзеля свабоды сваёй краіны, беларускага народа, адмаўляецца пакідаць радзіму і аддае перавагу застацца ў турме, але не выязджаць. Таму, безумоўна, Лукашэнка яго ненавідзіць.
У галоўнага рэдактара сайта Charter97.org спыталі, калі яна пачала ўспрымаць журналістыку не толькі як прафесію, а як форму барацьбы з рэжымам. Наталля Радзіна расказала, як маладой журналісткай прыйшла на беларускае тэлебачанне:
— Мне хапіла некалькіх дзён і размоў з журналістамі і рэдактарамі, каб зразумець, што тут татальная цэнзура. Нагадаю, што гэта быў 1997 год. Было зразумела, што краіна коціцца да дыктатуры. Па-першае, ужо адбыўся пераварот 1996 года. Лукашэнка разагнаў законна абраны парламент, узурпаваў уладу і пачаў знішчаць незалежныя медыя, у тым ліку незалежнае тэлебачанне. Таму я прыняла рашэнне, што буду працаваць, вядома, толькі ў незалежнай прэсе. Інакш я не ўяўляла сэнсу займацца журналістыкай, калі ты не можаш свабодна пісаць і свабодна гаварыць пра тое, што адбываецца.
Дзмітрый Лупач закрануў тэму пратэстаў 2020 года. Ці маглі яны прывесці да змены ўлады? Наталля Радзіна ўказвае на ўпушчаныя магчымасці:
— Пра гэта напісана у кнізе «Беларусь Наталлі Радзінай», раздзел называецца «Як злівалі беларускую рэвалюцыю». Галоўная памылка, якая была зробленая, — гэта прыдуманы офісам Святланы Ціханоўскай і іншымі «цудоўнымі стратэгамі» план правядзення акцый пратэсту па нядзелях.
Дзе вы бачылі рэвалюцыі, якія адбываюцца ў святы або ў выходныя? Гэта абсалютна абсурднае рашэнне, якое ніхто не мог аспрэчыць. Мы ў тым ліку звярталіся і ў офіс Ціханоўскай, спрабавалі данесці інфармацыю, але ніхто нікога не хацеў слухаць. Людзі ў гэтым офісе, які тады называўся штабам, «закусілі вудзілы» і вырашылі, што яны «хутка ўедуць у Мінск на белым кані» і прыйдуць да ўлады. Альбо ж гэта быў проста мэтанакіраваны зліў рэвалюцыі па заданні спецслужбаў.
Чаму вось так знішчалі пратэсты ў Беларусі? Хто за гэтым стаяў? Хто гэта прыдумаў? Хто гэты «геніяльны» стратэг? Успомніце пратэсты 2020 года — яны былі бессэнсоўнымі. Вывесці такую колькасць людзей і весці іх за горад, а ў панядзелак сказаць, каб яны ішлі на працу, а не стаялі каля Дома ўрада, не патрабавалі перамоваў з уладай, не ішлі на беларускае тэлебачанне, не патрабавалі эфіру для пратэстоўцаў. Не разумею, як гэта магчыма. У выніку ўсё гэта прывяло да таго, што адбыліся масавыя арышты, столькі людзей трапілі ў турмы.
Наталля Радзіна расказала пра ўрокі, якія варта вынесці з пратэстаў 2020 года:
— Людзі павінны разумець, што калі мы выходзім змагацца, то павінны стаяць да канца. І, безумоўна, глядзець на лідэраў. Цалкам зразумела, што тады, у 2020 годзе, лідэраў на вуліцах не было. Рэальныя лідэры, такія як Мікалай Статкевіч, Яўген Афнагель, Павел Севярынец, сядзелі ў турмах. Гэта людзі, якія маглі пайсці да канца, якія маглі павесці людзей за сабой.
Яшчэ адзін урок: трэба разумець, што калі побач няма рашучых людзей, значыць я сам становуся лідэрам і павяду за сабой людзей.
Гэтага не трэба проста баяцца. «Калі не Ціханоўская, то хто?» — я кажу: «Вы». Лідэраў можа быць шмат, чаму мы вырашылі, што ён павінен быць адзін? Навошта нам вожды, навошта нам помнікі, якія потым даводзіцца скідваць.
Галоўны рэдактар сайта Charter97.org расказала пра людзей, якія рыхтавалі пратэсты 2020 года:
— Мне, напрыклад, было зразумела пасля маршаў абураных беларусаў, якія адбыліся ў 2018 годзе супраць «дармаедскага» дэкрэта, прынятага Лукашэнкам, што будзе рэвалюцыя. Ужо тады было відавочна, якія настроі ў грамадстве.
Мы пра гэта казалі, і мы гэтую рэвалюцыю ў тым ліку і рыхтавалі. Я кажу тут і пра «Хартыю’97», і пра Беларускі нацыянальны кангрэс Мікалая Статкевіча, пра грамадзянскую кампанію «Еўрапейская Беларусь». Успомніце, хто казаў пра тое, што рэвалюцыя будзе менавіта ў 2020 годзе? Мікалай Статкевіч, Андрэй Саннікаў, Дзмітрый Бандарэнка, Яўген Афнагель, я таксама пра гэта казала. Бо мы ведалі, што так будзе.
Ад большасці аналітыкаў, уключаючы таго ж Арцёма Шрайбмана, я чула, што гэта будуць «самыя сумныя выбары». «Нічога не будзе. Лукашэнка зноў сам сябе перавыберыць». Потым яшчэ і кавід здарыўся. А потым раптам гэтыя людзі заяўляюць, што яны «лідары». Усе гэтыя латушкі, азаровы, ціханоўскія.
Тут я выдзяляю Сяргея Ціханоўскага як чалавека з новай апазіцыі, які рэальна спрабаваў расхістаць гэты рэжым. За што таксама паплаціўся і быў арыштаваны разам з Мікалаем Статкевічам у маі 2020 года. Каб ён быў на вуліцах разам са Статкевічам, разам з Афнагелем, думаю, што мы маглі б перамагчы.
Дзмітрый Лупач спытаў у Наталлі Радзінай пра папрокі людзям, якія пакінулі краіну. Галоўная рэдактарка сайта Charter97.org указала на важнасць дыяспары і расказала пра прыярытэтныя задачы для людзей, што апынуліся ў эміграцыі:
— Калі мы хочам працаваць журналістамі і даносіць да беларусаў незалежную, свабодную, аб'ектыўную інфармацыю, то мы можам гэта рабіць толькі з-за мяжы. Таму я і ўцякла з Беларусі ў 2011 годзе, бо разумела, што мне не дадуць працаваць свабодна. Пасля турмы, калі я сядзела пад хатнім арыштам да суда, да мяне пастаянна прыязджаў міліцэйскі патруль, мяне арыштоўвалі, прывозілі ў КДБ, дзе зноў пагражалі вярнуць у турму і наўпрост казалі, што я павінна падпісваць паперы аб супрацоўніцтве з КДБ, не пісаць на пэўныя тэмы, не рабіць інтэрв'ю з некаторымі людзьмі.
Вядома, я адмовілася падпісваць якія-небудзь паперы, але я разумела, што мой паўторны арышт — гэта пытанне часу. Менавіта таму я ўцякла. У маім выпадку было проста немагчыма заставацца ў прафесіі менавіта ў Беларусі. Ужо тады. А цяпер сітуацыя яшчэ горшая. Таму мы не павінны адчуваць пачуцця віны, мы проста павінны добра рабіць сваю працу.
Сёння за мяжой шмат беларускіх ініцыятыў, медыя — гэта, безумоўна, радуе. Бо наша задача за мяжой — захоўваць папулярныя беларускія СМІ, даносіць да беларусаў праўду. Таксама важныя праваабарончыя арганізацыі, якія дапамагаюць палітзняволеным, палітрэпрэсаваным як унутры краіны, так і за мяжой, бо з краіны працягваюць выязджаць уцекачы. Таксама важныя культурныя праекты, якія дазваляюць беларусам захоўваць сваю самабытнасць. Работы, насамрэч, вельмі шмат. Я ўпэўненая, што ў агляднай будучыні мы вернемся ў Беларусь. Канкрэтна ў вашым выпадку, Дзмітрый, думаю, вам не давядзецца чакаць, як мне, 15 гадоў. Мы вернемся ў Беларусь значна раней.
Дзмітрый Лупач спытаў пра магчымасць аб'яднання беларускай апазіцыі. Наталля Радзіна паставіла важнае пытанне:
— З кім аб'ядноўвацца? Вы мяне пыталі пра тое, што прывяло да паразы пратэстаў у 2020 годзе. Акрамя таго, што быў абсалютна правальны план па зліве акцый пратэсту, каго аб'яднала вакол сябе Святлана Ціханоўская? Былыя лукашэнкаўскія чыноўнікі. Успомнім падпалкоўніка ГУБАЗіКа Аляксандра Азарава з яго планам «Перамога». Святлана Ціханоўская толькі праз чатыры гады прызнала, што гэта правальны план. Я крычала на Азарава, калі ён прыйшоў да мяне на сустрэчу і расказаў пра гэтую ідэю. Я сказала: «Вы разумееце, колькі людзей вы пасадзіце ў турмы?» Казала, што яны не ў стане захаваць гэтыя даныя і што гэта падобна на правакацыю. Добра, калі мы заплюшчым вочы на мінулае Азарава і поўнасцю даверымся яму, гэта ж вельмі небяспечная рэч — збіраць лічбавыя даныя людзей. Любая ўцечка — іх пасадзяць. Азараў не захацеў мяне слухаць, затое яго план актыўна падтрымала Ціханоўская і прызначыла падпалкоўніка ГУБАЗіКа сваім «міністрам» па «аднаўленні правапарадку», хоць мы ведаем, што ён катаваў беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ва Украіне, працуючы ў карных структурах да 2020 года.
Хто такі Павел Латушка? Што гэта за чалавек «вялікіх каштоўнасцяў», які называе сябе лідарам дэмакратычнай апазіцыі, а да гэтага 23 гады абслугоўваў рэжым Лукашэнкі? Не трэба казаць, што ён працаваў на дзяржаву, ён працаваў на злачынны дыктатарскі рэжым і будучы паслом у Францыі, і ў Польшчы. Я памятаю, як я прыязджала ў Францыю, сустракалася з дэпутатамі Нацыянальнай асамблеі, расказвала пра палітзняволеных, якія былі ў Беларусі да 2014 года. Яны мне казалі: «Ведаеце, у нас ёсць пасол Павел Латушка, ён кажа, што ніякіх палітзняволеных у Беларусі няма».
Давайце ўспомнім Анжэліку Мельнікаву. Хто гэта? Менеджар з «Coca-Cola», які аказаўся агентам КДБ. Яна была спікерам цэлага «каардынацыйнага савета», яшчэ адной незразумелай структуры, створанай у эміграцыі офісам Святланы Ціханоўскай.
Які сэнс цяпер аб'ядноўвацца? Аб'ядноўвацца трэба вакол ідэі, калі мы будзем ісці да перамогі. Перад свабоднымі дэмакратычнымі выбарамі апазіцыя можа аб'яднацца, як гэта было ў Польшчы пасля «круглага стала». Зараз сэнсу я не бачу. Калі ствараецца адзіны цэнтр, яго тут жа інфільтруюць агенты спецслужбаў, што мы і назіралі ў офісе Ціханоўскай. Сёння мы павінны кожны эфектыўна рабіць сваю справу.
Наталля Радзіна ўпэўненая, што беларусы за апошнія гады яшчэ больш зненавідзелі рэжым Лукашэнкі:
— Нядаўна прачытала навіну, што ў сацсетцы Threads малады расійскі блогер з Чабаксараў спытаў у беларусаў, ці хочуць яны ў склад Расіі. У адказ — тысячы каментароў, яго паслалі «ўслед за рускім ваенным караблём». Успомніце, калі ў Мінскай філармоніі быў вечар памяці лідара «Песняроў» Уладзіміра Мулявіна і ўся зала ўстала, калі загучала песня «Малітва». Па такіх момантах ты разумееш, як жыве грамадства. Таксама ёсць мноства сведчанняў людзей, якія прыязджаюць і расказваюць, што нікуды пратэст не знік, што людзі ненавідзяць гэтую ўладу. Сёння гэта складана выказаць публічна, нельга выйсці на вуліцы. Аднак непрыняцце ўлады толькі ўзмацнілася, у тым ліку з-за рэпрэсій, якія абрынуліся на краіну. Сёння, напэўна, няма ніводнай сям'і, якую б не закранулі рэпрэсіі пасля 2020 года.
Журналіст закрануў тэму змянення пазіцыі Кіева ў дачыненні да Лукашэнкі. Наталля Радзіна перасцерагае ўкраінцаў ад фармальных падыходаў:
— Я паглядзела на санкцыі, якія ўвяла Украіна супраць Лукашэнкі. У яго няма фірмаў, банкаўскіх рахункаў ва Украіне, няма ўкраінскіх дзяржаўных узнагарод. Як яны павінны ўдарыць па Лукашэнку? Тая ж гісторыя — сустрэча з Ціханоўскай, якая можа ў бліжэйшы час адбыцца ў Кіеве. Такая ж бессэнсоўная. У мяне адчуванне, што гэта дэкларацыі, а не рэальныя дзеянні, якія цяпер патрэбныя.
Апошнія заявы прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага мяне радуюць — Украіна і Беларусь павінны быць разам у Еўропе. Мне спадабалася яго апошняе інтэрв'ю, дзе ён заявіў, што ракетная сістэма «Арэшнік» у Беларусі — гэта законная мэта для НАТА. Ён відавочна папярэджвае Лукашэнку, што будуць нанесены ўдары па беларускіх НПЗ, калі зноў будзе рыхтавацца ўварванне ва Украіну. Яго неаднаразовыя напаміны пра тое, што дыктатар сам прапаноўваў яму бамбіць Мазырскі НПЗ у 2020 годзе, — гэта відавочны намёк.
Добра, гэта больш падобна на рэальныя дзеянні, але Украіне патрэбная стратэгія. Кіеў павінен працаваць з рэальнай беларускай апазіцыяй і са сваімі саюзнікамі ў Еўропе і НАТА, каб вызваліць Беларусь. Пакуль у Беларусі будзе кіраваць прарасійскі рэжым Лукашэнкі, заўсёды будзе пагроза нападу на Украіну з поўначы.
У канцы Дзмітрый Лупач спытаў пра сцэнары змены ўлады ў Беларусі, у прыватнасці — што змены ў нашу краіну прыйдуць пасля змены ўлады ў Расіі. Наталля Радзіна не выключае і іншыя варыянты:
— Вядома, змены ў Крамлі выглядаюць найбольш рэалістычным сцэнаром перамен у Беларусі. Усе мы памятаем 1991 год, калі разваліўся СССР, развалілася і камуністычная ўлада ў Беларусі. Рэвалюцыі ў Польшчы, Венгрыі і Чэхаславакіі сталі магчымымі толькі таму, што аслабеў Савецкі Саюз. Таму мы напрамую зацікаўленыя ў тым, каб Расія страціла ўвесь свой патэнцыял і сілу ў вайне з Украінай. У гэтай сітуацыі надзвычай важна, канечне, максімальна падтрымліваць Украіну — і фінансава, і ваенным чынам, і дальнабойнымі ракетамі, і дазволам наносіць удары аж да цэнтраў прыняцця рашэнняў у Расіі. Безумоўна, трэба аказваць максімальны ціск на Расію. Да тых эканамічных санкцый, што ўжо ёсць, трэба дадаваць новыя і закручваць гайкі, каб у Расіі не было рэсурсаў працягваць гэтую вайну. А эканоміка Расіі вельмі аслабла, мы гэта бачым. Грамадзянская эканоміка зусім памірае. Таму шанцы вельмі вялікія. Адпаведна, павялічваюцца шанцы і ў Беларусі.
Аднак могуць быць розныя сцэнары. Я не бяруся сцвярджаць, што перамены ў Беларусі будуць толькі калі рухне ўлада ў Крамлі. Гэта можа адбыцца і раней, дайце вайне шанец.