У РФ за два дні затрымалі каля 150 чалавек, якія знаходзяцца ў вышуку ў Беларусі
- 27.04.2026, 17:42
- 3,616
Аперацыя прайшла ў межах мерапрыемства «Розыск».
У Расіі за два дні затрымалі каля 150 чалавек, абвешчаных у вышук у Беларусі, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».
Адзначаецца, што гэта адбылося ў межах спецыяльнага комплекснага мерапрыемства «Розыск».
У прыватнасці, у Дагестане затрыманы 46-гадовы мінчанін, якога падазраюць у махлярстве на суму не менш як 480 тыс. рублёў і ў «экстрэмісцкіх злачынствах».
У 2025 годзе Расія перадала Беларусі 225 асоб, «абвінавачаных і асуджаных за ўчыненне злачынстваў», — паведамляла раней Генеральная пракуратура РФ.
Беларусь за год экстрадавала ў Расію 33 чалавекі.
Усе гэтыя асобы, як заяўлялася, «спрабавалі ўхіліцца ад адказнасці, хаваючыся на тэрыторыі іншых дзяржаў».
Адзначалася, што ў асноўным яны здзейснілі крадзяжы, махлярствы і рабаўніцтвы, пасяганні на жыццё і здароўе людзей, парушэнні парадку кіравання транспартнымі сродкамі, злачынствы супраць правасуддзя і правапарушэнні, звязаныя з бяспекай на дарогах і транспарце.