Марскі тэрмінал і НПЗ у Туапсэ зноў пад атакай: гараць рэзервуары
9- 28.04.2026, 7:48
- 6,506
Мясцовыя жыхары паведамілі пра шматлікія выбухі.
У ноч на 28 красавіка беспілотнікі чарговы раз атакавалі Краснадарскі край Расіі, дзе пад удар трапіў Туапсэ, у якім расіяне толькі нядаўна ліквідавалі пажар пасля папярэдніх масіраваных удараў.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пад атакай дронаў у Туапсэ гэтай ноччу зноў маглі апынуцца марскі тэрмінал мясцовага порта і нафтаперапрацоўчы завод. Аб гэтым паведамляюць OSINT-аналітыкі.
«Туапсэ... Марскі тэрмінал і НПЗ зноў пад атакай БПЛА, ёсць некалькі траплянняў, але без падпалу. Над морам актыўна працуе СПА», — пішуць маніторынгавыя каналы.
Аднак праз некалькі хвілін у сетцы паведамілі, што пажар пасля «прылётаў» у Туапсэ такі разгарэўся. Кадры з месца атакі распаўсюдзілі ў Telegram-каналах.

Паводле папярэдніх дадзеных аналітыкаў, у Туапсэ спачатку загарэліся два рэзервуары з нафтапрадуктамі. Аднак праз нейкі час відавочцы ўдакладнілі, што гараць прынамсі чатыры рэзервуары.
Расійскія медыя пішуць, што Туапсэ як мінімум на працягу 2 гадзін знаходзілася пад атакай дронаў. Відавочцы налічваюць ужо не менш за 10 выбухаў, а ў небе перыядычна бачны яркія ўспышкі і чутныя гукі матораў.
Перад гэтым па ўсёй тэрыторыі Краснадарскага краю РФ абвясцілі паветраную трывогу з-за пагрозы дронаў. У аэрапортах Краснадара, Геленджыка і Сочы ўвялі абмежаванні на пасадку і вылет самалётаў.
Афіцыйнай інфармацыі пра наступствы атакі на Туапсэ на момант публікацыі не паступала.