Bloomberg: Іран прыпыніць здабычу нафты
- 28.04.2026, 12:44
- 2,594
Танкеры не могуць пераадолець блакаду ЗША.
Загружаныя іранскай нафтай танкеры скапляюцца каля порта Чабахара, які знаходзіцца па-за межамі Персідскага заліва, амаль на лініі блакады ЗША.
Выданне Bloomberg піша, што напрыканцы мінулага тыдня ў водах каля порта ў Аманскім заліве прастойвала каля шасці-васьмі супертанкераў, а побач знаходзіліся яшчэ і меншыя танкеры. Гэта якраз той раён, куды, паводле слоў ВМС ЗША, перанакіравалі два вельмі вялікія нафтавыя танкеры, якія яны перахапілі мінулага тыдня.
Скапленне танкераў у Чабахары — яшчэ адно сведчанне таго, што Іран працягвае загружаць нафту на судны, а таксама таго, што блакада ЗША дзейнічае як эфектыўны бар'ер, які перашкаджае дастаўляць «чорнае золата» спажыўцам. Інтэнсіўнасць руху праз Армузскі праліў цяпер фактычна ўпала да нуля, і Тэгерану неўзабаве давядзецца пачаць скарачэнне здабычы, бо сховішчы заканчваюцца.
Паводле ацэнак аналітычнай кампаніі Vortexa Ltd, каля 155 мільёнаў барэляў іранскай нафты цяпер у дарозе да спажыўцаў або ў плавучых сховішчах па ўсім свеце. ЗША ўзмацнілі ціск на Тэгеран, затрымліваючы танкеры ў Індыйскім акіяне, а таксама ўжыўшы санкцыі супраць буйнага кітайскага нафтаперапрацоўчага завода Hengli Petrochemical (Dalian) Refinery Co., які актыўна набываў іранскую нафту.
Невядома, колькі яшчэ пустых танкераў ёсць у распараджэнні Ірана для загрузкі нафтай, але, падаецца, краіна вяртае ў эксплуатацыю старыя судны. Паводле даных сістэм адсочвання суднаў, 30-гадовы супертанкер класа VLCC, здольны змясціць да 2 мільёнаў барэляў нафты, мінулага тыдня пачаў падаваць сігналы з Персідскага заліва пасля таго, як апошні раз дастаўляў груз тры гады таму. Танкер Nasha паведаміў пра сваё месцазнаходжанне чатыры дні таму, накіроўваючыся на захад да вострава Харг, адкуль Іран экспартуе большую частку нафты.