У Чарнобыльскай зоне павялічылася ўтрыманне радыянуклідаў у паветры
1- 10.05.2026, 9:06
- 2,190
З-за ляснога пажару, які працягваецца.
У сувязі з пажарам, які працягваецца на тэрыторыі Чарнобыльскага радыяцыйна-экалагічнага біясфернага запаведніка, у прызямным пласце паветра павялічылася канцэнтрацыя радыянукліду цэзію-137. У пробах, адабраных 8 мая на адлегласці 30–150 метраў ад месцаў актыўнага гарэння, яна склала 680 мкБк/м³ — такая велічыня перавышае кантрольныя ўзроўні, устаноўленыя для гэтых тэрыторый, аднак застаецца значна ніжэй за гранична дапушчальныя паводле Норм радыяцыйнай бяспекі Украіны. Пра гэта паведамляе Дзяржаўная інспекцыя ядзернага рэгулявання гэтай краіны (Дзяржатамрэгуляванне).
У Дзяржатамрэгуляванні адзначаюць, што Нормы радыяцыйнай бяспекі ва Украіне вызначаюць дапушчальны ўзровень цэзію-137 у паветры значэннем 0,8 Бк/м³ — гэта значыць больш як у тысячу разоў вышэй за тое, што цяпер фіксуецца ў зоне адчужэння.
Паводле вынікаў спектраметрычных даследаванняў ДСП «ЭКОЦЕНТР», іншых радыянуклідаў, характэрных для спектру аварыйнага забруджвання зоны адчужэння, у прыватнасці, стронцыю-90, амерыцыю-241 і плутонію-238, -239 і -240, у пробах прызямнага пласта паветра не выяўлена. Пажарам ахоплены запаведныя тэрыторыі, што выконваюць бар’ерныя функцыі і не змяшчаюць месцаў часовай лакалізацыі радыеактыўных адходаў, якія ўтварыліся ў выніку ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай аварыі.
Магутнасць эквівалентнай дозы гама-выпраменьвання цяпер знаходзіцца ў межах значэнняў шматгадовых назіранняў на тэрыторыі зоны адчужэння і ў межах фонавых ваганняў па ўсёй тэрыторыі Украіны.
Паводле прагнозных ацэнак экспертаў Дзяржаўнага навукова-тэхнічнага цэнтра па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы Украіны і вынікаў мадэлявання, перавышэння дапушчальных канцэнтрацый цэзію-137 у атмасферы для насельніцтва па-за Чарнобыльскай зонай адчужэння не чакаецца.
Як паведамляюць у Дзяржатамрэгуляванні, перанос ужо наяўных у экасістэмах тэхнагенных радыянуклідаў у выніку пажараў, бураў і г.д. не стварае дадатковай радыеактыўнасці, а з’яўляецца толькі фактарам іх пераразмеркавання ў аб’ектах навакольнага асяроддзя, што не стварае дадатковых рызыкаў, якія патрабуюць прымянення мер умяшання для радыяцыйнай абароны насельніцтва. Пры гэтым для персаналу, задзейнічанага ў тушэнні пажару ў зоне адчужэння, застаюцца актуальнымі рэкамендацыі па выкарыстанні сродкаў індывідуальнай абароны органаў дыхання, выкананні санітарна-гігіенічных нормаў і патрабаванняў аховы працы.
Нагадаем, ужо некалькі дзён украінскія выратавальнікі ліквідуюць маштабны лясны пажар у зоне адчужэння Чарнобыльскай АЭС. На беларускі бок полымя пакуль не перакінулася. Паводле звестак на 8 мая, прыблізная плошча пажару ўжо перавышала 1100 гектараў.