Украіна атакувала газавыя аб’екты РФ у 1500 кіламетрах ад мяжы
- 12.05.2026, 20:35
- 1,804
Ідзе гаворка пра «далёкабійныя санкцыі» ў адказ на расійскія ўдары па Украіне.
Украіна нанесла ўдары па аб’ектах расійскай газавай прамысловасці ў Арынбургскай вобласці РФ, якая размешчаная больш як за 1500 кіламетраў ад украінскай мяжы.
Пра гэта заявіў прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас вячэрняга відэазвароту.
Паводле слоў украінскага прэзідэнта, гаворка ідзе пра «далёкабійныя санкцыі» ў адказ на расійскія ўдары па Украіне.
«У прыватнасці, рэгіён Арынбурга: больш як паўтары тысячы кіламетраў ад Украіны, аб’екты расійскай газавай прамысловасці. Украіна казала, што будзем дзейнічаць люстрана ў адказ Расіі», — заявіў Зяленскі.
Прэзідэнт Украіны падкрэсліў, што раней краіна прапаноўвала спыненне агню, аднак пасля некалькіх дзён адноснай цішыні Расія зноў пачала атакі дронамі і авіябомбамі.
«На жаль, пасля адноснай цішыні на працягу трох дзён зноў удары «Шахедаў», зноў авіябомбы. Фронтавая актыўнасць застаецца высокай. Таму адказваем», — адзначыў кіраўнік украінскай дзяржавы.
У той жа час Зяленскі падкрэсліў, што Украіна працягвае працаваць з міжнароднымі партнёрамі для дасягнення дыпламатычнага ўрэгулявання вайны.
«Працягваем працаваць з нашымі партнёрамі, каб даціснуць да дыпламатыі — даціснуць да міру, як бы гэта ні было складана», — дадаў прэзідэнт Украіны.