13 траўня 2026, Серада, 21:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай распачаў эксперымент са штучнымі эмбрыёнамі чалавека ў космасе

Кітай распачаў эксперымент са штучнымі эмбрыёнамі чалавека ў космасе
Ілюстрацыйнае фота

Вучоныя хочуць ацаніць рызыкі, звязаныя з доўгатэрміновым выжываннем чалавека па-за межамі Зямлі.

Кітай першым у свеце пачаў на арбіце эксперымент па вывучэнні развіцця ў невагомасці штучнага эмбрыёна чалавека, паведаміла агенцтва Сіньхуа са спасылкай на Цэнтр прыкладных касмічных тэхналогій і інжынерыі Кітайскай акадэміі навук.

Узоры даставілі на кітайскую касмічную станцыю на борце грузавога карабля «Цяньчжоў-10» 11 мая. У той жа дзень касманаўты перагрузілі іх у эксперыментальны модуль, пасля чаго аўтаматызаваная сістэма прыступіла да штодзённай замены пажыўнага асяроддзя для штучных эмбрыёнаў. Кіраўнік праекта Юй Лецянь назваў эксперымент вельмі паспяховым.

Паводле слоў Юя Лецяня, штучныя эмбрыёны створаныя з чалавечых ствалавых клетак. Як падкрэсліў вучоны, яны не з'яўляюцца сапраўднымі чалавечымі эмбрыёнамі і не здольныя развіцца ў паўнавартасную асобу, аднак іх можна выкарыстоўваць як мадэлі для вывучэння ранняга развіцця чалавека.

У межах эксперымента задзейнічаны дзве мадэлі: адну змясцілі на клеткі маткі, другую — у мікрафлюідычны чып. Гэта дазволіць вывучыць уплыў касмічнай мікрагравітацыі на ранняе развіццё эмбрыёнаў. Аналагічныя ўзоры адначасова даследуюцца ў наземных лабараторыях.

Пасля завяршэння 5-дзённага цыклу ўзоры замарозяць на арбіце, а затым адправяць на Зямлю для параўнальнага аналізу з наземнымі данымі. Вучоныя разлічваюць выявіць фактары, што ўплываюць на ранняе развіццё эмбрыёнаў у космасе, і ацаніць рызыкі, звязаныя з доўгатэрміновым выжываннем чалавека па-за межамі планеты.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках