Z-прапагандыст заявіў, што вайна скончыцца паражэннем Расіі
3- 14.05.2026, 16:55
- 3,440
У дзяржаве-агрэсары можа наступіць дэстабілізацыя.
Калабарант Ігар Дзмітрыеў заявіў пра верагоднае паражэнне РФ у вайне супраць Украіны. Адпаведны пост ён апублікаваў 14 мая ў сваім Telegram-канале, заўважыў «Дыялог».
Па словах Дзмітрыева, расіянам варта прыняць той факт, што спрыяльнага для іх выніку вайны, хутчэй за ўсё, не будзе. Ён падкрэсліў, што не бачыць сцэнарыяў, пры якіх Расія зможа завяршыць канфлікт без сур'ёзных страт, значна большых за ўжо панесеныя.
Экс-дэпутат адзначыў, што стратэгія Украіны па паступовым знясіленні расійскіх рэсурсаў ужо прыносіць вынікі. Ён указаў на сукупны эфект санкцыйнага ціску, удараў па інфраструктуры і экспарце, а таксама зацяжнога характару баявых дзеянняў, што, на ягоную думку, прывяло да аслаблення расійскай эканомікі і росту ўнутранай напружанасці.
Таксама Дзмітрыеў выказаў сумнеў, што прэзідэнт ЗША Дональд Трамп будзе дамагацца капітуляцыі Украіны на ўмовах перадачы Расіі Данбаса.
Разважаючы пра магчымыя дзеянні Масквы, ён адзначыў, што мабілізацыя здольная справакаваць унутраныя праблемы, а ўзмацненне ракетных атак не зменіць сітуацыю на фронце. Нават сцэнар прымянення ядзернай зброі, на ягоную думку, толькі паскорыць міжнародную ізаляцыю Расіі і пагоршыць наступствы крызісу. У заключэнне Дзмітрыеў заявіў, што цяперашняя дынаміка вядзе да далейшага эканамічнага знясілення Расіі і рызыкі ўнутрыпалітычнай дэстабілізацыі.