Расіяне пачалі перасяляцца ў гаражы
2- 15.05.2026, 18:13
- 1,478
З-за высокай вартасці кватэр.
На фоне росту коштаў на нерухомасць у Расіі павялічваецца колькасць прапаноў аб продажы і арэндзе гаражоў, прыстасаваных для пражывання, кажуць у Расійскай гільдыі рыэлтараў, піша The Moscow Times. Заснавальнік Расійскай гільдыі рыэлтараў Канстанцін Апрэлеў пацвердзіў, што такія прапановы ўсё часцей з’яўляюцца на рынку. «Гэта шэры рынак. Бо, не дай Бог, у гэтым гаражы згарэ чалавек — уласнік сядзе ў турму. Фактычна гэтыя памяшканні не прыстасаваныя для пражывання, і, натуральна, гэта можа адбывацца толькі без якіх-небудзь зразумелых законных дагаворных адносін», — патлумачыў эксперт.
На папулярных анлайн-платформах можна знайсці сотні падобных аб’ектаў для куплі і арэнды. Найбольш такіх прапаноў прыпадае на Краснадарскі край і Падмаскоўе. Так, у Адлеры двухпавярховы гараж плошчай 100 кв. м прапануюць арандаваць за 40 тыс. рублёў у месяц. У апісанні пазначаныя кухня з газавай плітой, пральная машына, бойлер, кандыцыянер, цёплая падлога і шафа-купэ.
Падобныя прапановы з’яўляюцца і ў Маскве. У цэнтры сталіцы за 8,2 млн рублёў можна набыць гаражны аб’ект, пераабсталяваны пад апартаменты: дзве спальні, сучасная аздоба і нават уласная сауна. Ёсць і больш бюджэтныя варыянты на ўскраінах за 3–4 млн рублёў.
Паводле слоў Апрэлева, найбольш ліквідныя гаражы побач з чыгуначнымі платформамі: нярэдка гэта ўжо двухпавярховыя збудаванні з вадой і мінімальнымі выгодамі, дзе людзі жывуць месяцамі, хоць юрыдычна такія памяшканні па-ранейшаму застаюцца гаражамі. Эксперт адзначае, што гэта самы танны сегмент рынку, які канкуруе з дачамі і апартаментамі, што не маюць статусу жылых памяшканняў.
Рыэлтарка Алла Георгіева нагадала, што паводле закона выкарыстоўваць гараж як жыллё нельга, бо ён не адпавядае ўстаноўленым нормам. Яна папярэдзіла, што за выкарыстанне гаража не па прызначэнні ўладальніку можа пагражаць штраф у памеры 0,5–1% кадастравай вартасці ўчастка, але не менш за 10 тыс. рублёў. У некаторых выпадках збудаванне могуць знесці або нават канфіскаваць. «Жыць у гаражы нельга, прапісвацца нельга, прыкрэпіцца да паліклінікі па гэтым адрасе немагчыма», — падкрэсліла яна.
Для многіх гэта становіцца адзіным шанцам набыць уласнае жыллё ў Маскве, бо кошт такога памяшкання істотна ніжэйшы за кошт звычайнай кватэры. У 2025 годзе рост коштаў на першаснае жыллё ў межах «старой» Масквы аказаўся рэкордным за апошнія пяць гадоў, гаворыцца ў паведамленні кампаніі «Метрыум». Гадавы прырост склаў 29% — гэта максімальнае значэнне за ўвесь аналізаваны перыяд. У абсалютных лічбах сярэдні кошт квадратнага метра ў «старой» Маскве за год павялічыўся з 619 тыс. да 800 тыс. рублёў. У 2021 годзе кошт жылля ў сярэднім вырас на 21%, у 2022-м — на 5%, у 2023-м — на 15%, а ў 2024-м — на 17%.
Кошт жылля працягвае павялічвацца. У мінулым месяцы сярэдняя цана квадратнага метра па расійскіх гарадах вырасла на 0,8% — да 131 451 рубля. Найбольш прыкметны рост зафіксаваны ў Маскоўскай вобласці (+3,5%, да 162 374 руб./кв. м). У Маскве кошт квадратнага метра павялічыўся на 1,9%, да 426 858 руб./кв. м, а ў Санкт-Пецярбургу — на 1,5%, да 257 084 руб./кв. м.