Беларуская школьніца зняла на відэа найрэдкага сусліка
- 15.05.2026, 22:46
Жывёлу заўважылі проста каля школы.
Нядаўна тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач» атрымаў прыемную навіну ад настаўніцы з Затур’янскай школы Нясвіжскага раёна Таццяны Міхайлаўны Холопіцы.
У ваколіцах Затур’я знаходзіцца адна з трох апошніх калоній крапчатага сусліка. Гэты від знікае не толькі ў Беларусі, але і ў свеце.
Раней прыродаахоўнікі разам з Праграмай развіцця ААН зрабілі і павесілі стэнд пра сусліка ў дзвюх школах, якія суседнічаюць з гэтымі мілымі грызунамі. Вясной правялі брэйн-рынгі і фінал паміж школамі на веданне фактаў з біялогіі і гісторыі зверака.
І не дарма: сямікласніца Затур’янскай школы Карына Дэрве заўважыла крапчатага сусліка ля норы недалёка ад школы! Дзяўчынка зняла яго на фота і відэа.
Каб дабрацца да школы, сусліку давялося прайсці як мінімум 2 кіламетры ад бліжэйшай вядомай калоніі, скарыстаўшыся мостам праз рачку-канал: ваду гэтыя грызуны не любяць.
Хоць, магчыма, гэта «апошні магіканін» з іншай, знішчанай трактарамі, невялікай калоніі бліжэй да Затур’я яшчэ гадоў чатыры таму. Тую калонію перадалі пад ахову, але мясцовая інспекцыя за ёй не сачыла і не зберагла. Аднак і адтуль не менш за кіламетр да новай лакацыі.