Музыкі РСП прадставяць у Варшаве свой спецпраект ДСП
- 22.05.2026, 14:38
Канцэрт адбудзецца 6 чэрвеня.
У Варшаве 6 чэрвеня адбудзецца эксклюзіўны акустычны канцэрт спецпраекта ДСП ад гурта «Разбітае сэрца пацана» (РСП).
Выступленне пройдзе ў Beer Station Praga і стане асаблівай падзеяй для прыхільнікаў калектыву і аматараў камернай жывой музыкі.
Праект ДСП — гэта акустычны дуэт музыкаў РСП Дзяніса і Пашы. Фармат канцэрта максімальна лаканічны: толькі вакал, фартэпіяна і баян. Праграма пабудаваная на кантрастах — лірычныя кампазіцыі будуць чаргавацца з больш дынамічнымі нумарамі.
Адметнасцю вечара стане рэдкі рэпертуар, які музыкі напісалі больш за 20 гадоў таму, яшчэ ў часы навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Менавіта тады пачаў фарміравацца будучы музычны матэрыял гурта.
Большасць гэтых кампазіцый ніколі не запісвалася ў студыі і не ўваходзіла ў афіцыйныя альбомы. Выключэннем стала толькі кампазіцыя «Розовый закат», якая пазней увайшла ў залатую калекцыю гурта. Астатнія трэкі можна пачуць толькі на жывых выступленнях.
Арганізатары адзначаюць, што пляцоўка разлічана на камерную атмасферу, таму колькасць месцаў абмежаваная.
Канцэрт пачнецца а 19:30, дзверы адчыняцца а 19:00. Квіткі ўжо даступныя ў продажы.