400 амерыканскіх вучняў спявалі песню на беларускай мове
- 22.05.2026, 19:03
Відэафакт.
Больш за чатырыста вучняў хору ў амерыканскім горадзе Такома выканалі песню гурта NaviBand на беларускай мове. «Белсат» пагутарыў з арганізатарамі канцэрта пра тое, як гэта атрымалася.
Хор Tacoma refugee choir спявае ў горадзе Такома (штат Вашынгтон) ужо 10 гадоў і складаецца з імігрантаў, бежанцаў і проста ахвотных. Спачатку ў яго ўваходзілі 22 бежанцы з гэтага горада, потым колькасць удзельнікаў вырасла да 800 чалавек з больш як 70 краін свету. За час свайго існавання хор выступіў для больш як 50 000 чалавек на грамадскіх і дзяржаўных мерапрыемствах па ўсёй Амерыцы.
Адна з удзельніц хору — беларуска Кацярына Марыневіч — спявае ў Tacoma refugee choir ужо чатыры гады. Дзяўчына распавяла «Белсату» пра тое, як у яе ўзнікла ідэя навучыць удзельнікаў хору спяваць па-беларуску:
«Мы спяваем песні пра тугу па доме на тых мовах, на якіх гавораць удзельнікі хору. Напрыклад, мы спявалі па-мангольску, па-в'етнамску, па-іспанску, па-суахілі, па-тагальску. Я ўжо чатыры гады ў хоры і ўвесь гэты час не магла знайсці песню па-беларуску, якую мы змаглі б спяваць усе разам. Спачатку думала, можа, „Калыханку“ разучыць, але потым зразумела, што людзі хутчэй паківаюць [галавой], чым яе вывучаць. А пасля выхаду апошняга альбома NaviBand я пачула песню Life — і гэта ідэальна супала!»
Якраз вясной мінулага года хор шукаў новую песню для канцэрта на замежнай мове. У гэты час выйшаў новы альбом гурта NaviBand, а на ім — першая аптымістычная песня гурта з 2020 года.
«Той жа вечар я дасылаю спасылку на песню на YouTube у чат нашага хору і кажу, што знайшла патрэбную нам песню. І ўсе ў адказ: „Так-так, вельмі класная!“, а на наступны дзень дырэктар хору кажа: „Супер, бярэм вось гэту песню“. Так мы пачалі разучваць яе хорам. Песня ўсім вельмі спадабалася, але ўдзельнікам хору было вельмі цяжка вымаўляць беларускія словы, хоць яны вельмі стараліся», — кажа Кацярына.
Беларускамоўная песня Life летась стала апошняй на фінальным канцэрце хору — яе спяваў увесь зал.
«Увогуле, гэтая песня вельмі спадабалася хору, і мы атрымалі вельмі добрыя водгукі. З таго часу мы спявалі яе на многіх мерапрыемствах, у тым ліку для губернатара штата і на мерапрыемствах, дзе была кангрэсвумен. Перад тым як пачаць спяваць, я заўсёды гавару прамову і тлумачу, чаму мы яе спяваем. Кажу пра тое, што беларусы цяпер знаходзяцца па ўсім свеце і што гэта першая песня гурта пасля ад'езду, якую яны здолелі зрабіць аптымістычнай. Я хачу, каб людзі разумелі сэнс песні і тое, што Беларусь цяпер перажывае цёмныя і страшныя часы, але пры гэтым мы ўпэўненыя, што будзем працягваць танцаваць і ўсё роўна застанемся разам. І не было ніводнага канцэрта, каб людзі не падыходзілі да мяне са слязамі на вачах і не казалі: гэта было нешта!».
Хор таксама вучыць спеву вучняў школ у горадзе Такома і ў канцы навучальнага года дае вялікі сумесны канцэрт. Настаўнікі з вучнямі ў 2026 годзе таксама абралі для выканання беларускамоўную песню.
«Гэтая песня вельмі моцна запала ў душу настаўнікам, яны аж да слёз расчуліліся, калі яе пачулі, і захацелі, каб мы разучылі яе з вучнямі. Пасля я тры месяцы вучыла гэтай песні дзяцей з пачатковай, сярэдняй і старэйшай школы. Мы таксама паказвалі ім прэзентацыю пра Беларусь, распавядалі, чаму спяваем гэтую песню. Дзецям яна настолькі спадабалася, што многія потым падыходзілі да мяне і казалі: „Мы не можам спыніць яе спяваць“».
Хор «Tacoma refugee choir» спявае ў горадзе Такома (штат Вашынгтон) ужо дзесяць гадоў і складаецца з імігрантаў, бежанцаў і астатніх ахвотных. Фота: арганізатары
Хор Tacoma refugee choir спявае ў горадзе Такома (штат Вашынгтон) ужо 10 гадоў і складаецца з імігрантаў, бежанцаў і іншых ахвотных. Фота: арганізатары
Музыкі з NaviBand таксама арганізавалі з вучнямі званок у Zoom, падчас якога расказвалі пра сябе і пра тое, што іх музыку нельга слухаць у Беларусі. Як і многія іншыя музыкі, яны знаходзяцца пад забаронай у сваёй краіне і маюць «экстрэмісцкія» старонкі ў сацсетках, таму нават праслухоўванне іх песень улады могуць палічыць несанкцыянаваным пікетаваннем. Музыкі распавялі гісторыі пра тое, што некаторыя школьнікі ў Беларусі хацелі спяваць іх песні на школьных канцэртах, але ім гэтага не дазволілі. Цяпер замест школьнікаў у Беларусі песні па-беларуску спяваюць амерыканскія школьнікі.
«На дзіва, у дзяцей наогул выдатная беларуская мова і вымаўленне! Дзеці са старэйшых класаў нават захацелі спяваць першы куплет сола, і ў выніку пяць ці шэсць чалавек узялі па радку, а ўсё астатняе спяваў хор з 400 дзяцей. Увогуле, гэта быў цудоўны, нейкі неверагодны момант. Гэта мара, пра якую я нават не адважвалася марыць — што буду ў Амерыцы вучыць дзяцей спяваць па-беларуску», — кажа Кацярына Марыневіч.