Акупаваны Севастопаль застаўся без бензіну
4- 29.05.2026, 15:52
- 5,220
Гаўляйтэр Разважаеў быў вымушаны прызнаць праблему.
У акупаваным Севастопалі пачаліся перабоі з палівам. На запраўках сетак ТЭС і АТАН часова знік бензін АІ-92 і АІ-95.
Пра гэта паведамляе РБК-Украіна са спасылкай на заяву так званага «губернатара» акупаванага Севастопаля Міхаіла Разважаева.
Па словах Разважаева, цяпер на АЗС у наяўнасці толькі дызельнае паліва «ДТ ультра» — і тое не на ўсіх станцыях. Пастаўкі бензіну чакаюць на працягу дня.
«Захоўваюцца лагістычныя складанасці, прычыны якіх вядомыя. Урад Севастопаля і кіраўніцтва Рэспублікі Крым робяць усё магчымае, каб у найкарацейшыя тэрміны нармалізаваць абстанову», — напісаў гаўляйтэр.
Ён таксама адзначыў, што пытанне паставак паліва на Крымскі паўвостраў «кантралююць Мінэнерга і Мінтранс РФ».
Паводле даных мясцовых ТГ-каналаў, перабоі з бензінам і дызелем фіксуюць на АЗС па ўсім акупаваным паўвостраве.
Мясцовыя каналы публікуюць інтэрактыўныя мапы заправачных станцый і прычыны дэфіцыту: рэгулярныя атакі на расійскія НПЗ і кратнае павелічэнне удараў па так званым «сухапутным калідоры» ў Крым, які праходзіць праз акупаваныя тэрыторыі поўдня і ўсходу Украіны.
Раней Разважаеў ужо паведамляў, што ў Севастопалі абмежавалі продаж бензіну 20 літрамі на адзін аўтамабіль, а дызпаліва прадаюць па талонах.