Як беларуска ў 1970-я збегла з калгаса ў Літву
- 4.05.2026, 8:59
- 2,828
Неверагодная гісторыя.
Турмантас — адзін з апошніх літоўскіх населеных пунктаў перад беларускай мяжой — сёння налічвае каля 200 жыхароў. Значную частку з іх складаюць выхадцы з Беларусі, што пераехалі сюды яшчэ ў савецкі час. Адна з іх — 74-гадовая Кацярына Сас. Яна пераехала з беларускай вёскі ў Літоўскую ССР яшчэ ў 1972 годзе разам з усёй сваёй сям’ёй. У размове з «Белсатам» беларуска распавяла, у чым была прычына ад’езду, як ішло жыццё на новым месцы, колькі складае пенсія ў Літве і якую сапраўдную беларускую вясковую страву гатуе дагэтуль.
«Жаніха і нявесту неслі на плячах, бо не было дарогі, гразь»
Месцечка, у якім жыве Кацярына, прылягае да латвійскай мяжы, а ўсяго за 12 кіламетраў адсюль пачынаецца Верхнядзвінскі раён Беларусі. Яшчэ ў савецкія гады пасёлак Турмантас меў важнае значэнне дзякуючы чыгуннай станцыі — праз яго праходзіла шмат цягнікоў. У 1995 годзе Турмантасу нават надалі гарадскі статус, але праз чатыры гады ён яго страціў, бо насельніцтва тут пачало імкліва скарачацца.

У населеным пункце шмат беларусаў, якія пераехалі сюды яшчэ ў савецкі час. Для многіх з іх Літва стала домам. Сюды Кацярына пераехала разам з усёй сваёй сям’ёй з вёскі, якая была за восем кіламетраў ад Відзаў, на Браслаўшчыне. Жанчына распавядае, што прычынай пераезду стала цяжкая праца ў беларускім калгасе:
«Вёска была такая, што трэба было восем кіламетраў ісці да цэнтральнай сядзібы. Муж працаваў шафёрам, вазіў лён у Друю. А гэта без дарог, іх тады не было, па гразі, муж прыязджаў «без рук». А я тады не працавала, з дзіцем была…
Памятаю, як на дошцы вывешвалі заробак — 1 руб. 83 кап. А бывала і 60, і 90 капеек. Гэта ўжо пасля тых «палачак» (працоўных дзён. — рэд.). Чаму такая розніца была — не ведаю. Пра ўладу тады не думалі: сказалі — зрабіў. Цяпер можна сказаць, што ўлада вінаватая, а тады... хто яго ведае. Як жылі, так і жылі».

Паводле ўспамінаў беларускай, людзі пасля вайны радаваліся ўжо таму, што яна скончылася. Але жыццё лёгкім не стала. У 1960-я, расказвае Кацярына, у вёсках не ставала хлеба, людзі лаілі Мікіту Хрушчова, стаялі ў чэргах, а ў крамах была цісканіна.
Кацярына ўспамінае, як незадоўга да іх пераезду ў вёсцы гулялі вяселле. Каб прывезці людзей, узялі гусенічны трактар, але і ён заглух у гразі, таму жаніха і нявесту неслі на плячах, каб тыя не выпэцкаліся, — так яна апісвае сітуацыю з дарогамі ў вёсках у тыя часы.
«Дык вось у Літве ў нас жыла сваячніца, яна і прапанавала: «Што вы будзеце тут па гразі па калена хадзіць, давайце ў Літву». Расказала, што тут прадаецца дом, мы, як маладыя, так і рванулі. Бабулі ўжо тады было пад сто гадоў, маці ляжачая, інвалідка, бацька ўжо быў на пенсіі — мы ўсіх забралі з сабой».

«Паграб капаць — талака, дах рабіць — талака, дровы — талака, сена касіць — талака»
На новым месцы мужа Кацярыны адразу ўзялі працаваць шафёрам. Па спецыяльнасці беларуска была маляром, у той час мясцовы калгас будаваў кантору, і калі будынак ужо ўзвялі, Кацярына занялася яго аздабленнем. Да гэтага працавала ў паляводстве. Жыла сям’я на хутары за сямю кіламетрамі ад Турмантаса.

У Беларусі, паводле яе слоў, магчымасцей для ўласнай гаспадаркі амаль не было: дазвалялі мець толькі 25 сотак зямлі — і на тым усё, развівацца было немагчыма. Пасля пераезду ў Літву сітуацыя змянілася: маладыя і поўныя сіл, яны адразу ўзяліся за працу і пачалі весці гаспадарку. Трымалі кароў, авечак, займаліся свінаводствам. Яны шмат працавалі і выкарыстоўвалі кожную магчымасць зарабіць — нават вазілі яблыкі на продаж у Ленінград.
«У нас тут такі куточак быў беларускі, — расказвае Кацярына. — Вось у Багданішках сем сям’яў з Беларусі прыехала. Мы дружныя былі, разам будаваліся. Па-беларуску гэта называлася «талака»: паграб капаць — талака, дах рабіць — талака, дровы — талака, сена касіць — талака. Беларусы — вельмі дружныя людзі. Мы такімі і засталіся».
Назад у Беларусь, паводле яе слоў, амаль ніхто не вяртаўся. Толькі сын аднаго суседа жаніўся з беларускай і застаўся там жыць. Астатнія засталіся ў Літве, бо, як кажа Кацярына, тут было лягчэй.
Пазней, калі пачалася меліярацыя і хутары пачалі перасяляць у пасёлкі, сям’я пераехала ў Турмантас. Там яны пабудавалі ўласны дом.
Пасля распаду Савецкага Саюза муж Кацярыны прапаноўваў вярнуцца ў Беларусь. Але ў 1989-м памерла дачка, і беларуска не захацела пакідаць яе магілу:
«І добра, што не паехалі, бо тут мы «акупанты», а там — «дэзерціры». Лукашэнка-пан сказаў: «Пабеглі дэзерціры — было дрэнна, усе рваліся ў Еўропу, а цяпер назад бяжыце». Дык не хацелася быць дэзерцірам. Хаця і «акупантамі» тут называлі. Але цяпер ужо ўсё нармальна, ніхто нас так не заве. Мы прыжыліся, жывём, і ўсё добра, слава Богу. Можна жыць. Толькі ўзрост падводзіць».
«Слухаю «Свабоду», «Настоящее время», але ж у мяне і беларускія дзяржаўныя каналы ёсць»
Пенсія Кацярыны ў Літве складае 470 еўра. Кажа, што гэтага хапае, калі жывеш у вёсцы — маеш свой дом, агарод. Дзяцей у Кацярыны цяпер не засталося, у гэтым годзе памёр і сын.
«Таму цяпер пераязджаю ў Латвію, у Даўгаўпілс. Там у мяне сястра, уся родня. Туды і еду, бо тут адна. Не ведаю, як я там прыжывуся. Мне ў горадзе цяжка. Паеду — і стамляюся. А тут выйшаў у вёсцы — дыхай, ідзі, куды хочаш. Палкі ў рукі — і пайшоў гуляць. Горад не для мяне. Я сельская жыхарка. Агарод пасадзіць — дык жа асалода. Пайшоў, пакопаўся ў зямлі, энергіі набраўся. А першая памідорка або трускаўка — дык жа шчасце», — кажа яна.
У Беларусі ж блізкіх родных ужо не засталося. Магчыма, дзесьці ёсць далёкія пляменнікі або стрыечная радня, але сувязі з імі няма.
Апошні раз у Беларусі Кацярына была ў 1988 годзе. Па прадукты ці бензін, як рабілі пазней некаторыя жыхары прыгранічных вёсак, таксама не выбіралася:
«Нам тут усяго хапала. А калі муж памёр, дык і машыны ўжо не стала».
Сёння яна сочыць за беларускімі навінамі, але прызнаецца: не заўсёды разумее, каму можна верыць.
«Слухаю «Свабоду», «Настоящее время», але ж у мяне і беларускія дзяржаўныя каналы ёсць, там зусім іншае — параўноўваю. Але каму верыць — не ведаю. Застаюся пры сваім меркаванні. Ведаю, што ёсць палітвязні. Пасля 2020 года многіх пасадзілі. Думаю, цяпер ужо частку выпусцілі. Лукашэнка сябе беражэ — трымае ворагаў падалей.
Але я, вядома, ведаю, што такое рэпрэсіі. Мамін брат служыў у польскай Арміі Краёвай, дык ён да 1965 года не мог прыехаць у Беларусь. Нават прозвішча змяняў. Вось так было», — разважае яна.
«Паліўка і гульбішнікі, апошняе я і цяпер раблю»
Калі гаворка заходзіць пра магчымую вайну, Кацярына адказвае, што не верыць у яе пачатак:
«Людзі не такія дурныя, каб пачынаць вайну. Памяць засталася: вайна — гэта смерць і кроў».
Калі пытаешся, пры якой уладзе ёй жылася лепш, яна пасля паўзы адказвае:
«Пры Леанідзе Брэжневе. Бо была маладой. Працавалі, усяго хапала. Грошай было шмат, але купіць не было чаго. А цяпер... Я столькі улад перажыла. У Літве яны мяняюцца, як дымка: прайшлі — і ўсё, і ў твар нават не запомніў».
Нягледзячы на больш як паўстагоддзя жыцця ў Літве, Кацярына і дагэтуль лічыць сябе беларускай. Беларускую мову разумее, свабодна чытае і нават пераходзіць з рускай мовы, на якой мы з ёй размаўлялі, на беларускую.
«Я сябе беларускай адчуваю. Вось пражыла тут з 1972-га — жахнуцца, колькі год. А ўсё роўна маё там, беларускасць ува мне засталася», — кажа яна.
З беларускага найясней у памяці ў Кацярыны — вясковыя стравы. Яна ўспамінае гульбішнікі і паліўку, пахлёбку:

«Беларуская паліўка — гэта бацька любіў. Буйна парэзаная бульба, вада, цыбуля, хлеб, размочаны ў вадзе, — і ўсё гэта туды. Калі быў пост, дык так елі. А гульбішнікі я і цяпер раблю. Гэта не дранікі. Гэта вараная бульба, таўчыцца, потым робяцца такія аладкі, начыняюцца морквай, капустай або яшчэ чым і смажацца на сухой патэльні».
У Турмантасе, дзе жыве беларуска, ёсць дзве цэрквы — каталіцкая і стараабрадніцкая. Кацярына належыць да апошняй. Веру, кажа яна, дапамаглі захаваць сям’я і дом: бацькі былі вернікі, бабуля таксама, іконы заўсёды стаялі ў хаце. Але савецкі час пакінуў у памяці балючы эпізод.
«Калі прымалі ў піянеры, у мяне на шыі быў крыжык. І прымусілі яго зняць. Гэта была такая трагедыя для дзіцяці! І галоўнае — крыжык мне не аддалі. Знялі — і ўсё, гальштук павязалі. Гэта быў нейкі жах», — узгадвае яна.
Потым, ужо падлеткам, сумнявалася: ёсць Бог ці няма. Але з часам, кажа Кацярына, зноў вярнулася да веры.
Разважаючы пра выпрабаванні, што выпадаюць беларусам, яна не дае гучных адказаў. Каже проста:
«Хто цягне воз — на таго і кладуць, конь цягне — яму яшчэ болей пакладуць. Так і Бог, напэўна, на беларусаў», — дзеліцца яна сваёй мудрасцю.