1 чэрвеня 2026, панядзелак, 18:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

FT: Вайна ва Украіне становіцца пагрозай для ўлады Пуціна

1
FT: Вайна ва Украіне становіцца пагрозай для ўлады Пуціна
Фота: Getty Images

У расійскіх элітах усё часцей гавораць пра мір і цану зацягнутага канфлікту.

Неўдачы Расіі на полі бою ўсё больш уплываюць на яе ўнутрыпалітычную сітуацыю. Вайна, якую Крэмль задумаў як хуткую аперацыю, зацягнулася на гады, а яе наступствы ўжо адчувальныя нават у Маскве. Па меркаванні аглядальніка Financial Times Гідэона Рахмана, правал расійскай кампаніі ва Украіне можа стаць пагрозай для ўлады дыктатара Уладзіміра Пуціна.

Адзін з паказальных момантаў ён называе парад 9 мая ў Маскве, які расійскія ўлады традыцыйна выкарыстоўваюць як дэманстрацыю сваёй вайсковай моцы. Аднак сёлета Крэмль адмовіўся ад маштабнага паказу танкаў і цяжкай тэхнікі з-за рызыкі ўкраінскіх атак. Такім чынам, лічыць аўтар, мала таго, што «СВА» Пуціна не мае поспехаў ва Украіне, дык яшчэ і расійская армія цяпер сама апынулася пад пагрозай нават у Маскве.

Рахман звярнуў увагу, што з пачатку поўнамаштабнага ўварвання ўлады імкнуліся максімальна ізаляваць Маскву і Санкт-Пецярбург ад наступстваў баявых дзеянняў, аднак цяпер расіяне ўсё часцей сутыкаюцца з абмежаваннямі з-за сітуацыі з бяспекай.

У прыватнасці, у Маскве рэгулярна прыпыняюць працу аэрапорты з-за пагрозы ўдараў дронаў, перыядычна адключаюць мабільны інтэрнэт, фіксуюцца рэзанансныя напады на прадстаўнікоў сілавых структур і ваеннага кіраўніцтва. Акрамя таго, удары ўкраінскіх беспілотнікаў па нафтаперапрацоўчай інфраструктуры РФ уплываюць на ўнутраны рынак паліва, што прыводзіць да росту цэн.

Расія плаціць каласальную цану

Аўтар падкрэсліў, што для Расіі ў цэлым цана канфлікту аказалася каласальнай і трагічнай. Ён нагадаў, што нядаўна кіраўніца брытанскай разведвальнай службы Эн Кіст-Батлер заявіла пра амаль 500 тысяч расіян, загінулых у вайне, яшчэ значна больш атрымалі цяжкія раненні.

«Гэта відавочная пагроза будучыні краіны, насельніцтва якой скарачалася яшчэ да пачатку вайны. Калі б трыумфальная перамога была ўжо зусім блізка, такія страты маглі б здавацца прымальнымі. Але Расія ваюе ва Украіне ўжо даўжэй, чым Савецкі Саюз ваяваў супраць Германіі падчас Другой сусветнай вайны. І дагэтуль не здолела захапіць увесь Данбас. Больш за тое, у красавіку расіяне нават страцілі частку тэрыторый», — падкрэсліў ён.

У расійскіх элітах часцей гавораць пра мір

Па меркаванні аглядальніка, адным з найважнейшых апошніх сігналаў з’яўляецца з’яўленне крытычных ацэнак вайны нават сярод прадстаўнікоў расійскага палітычнага і экспертнага асяроддзя.

Ён паведаміў, што ў набліжаным да ўлады часопісе «Расія ў сусветнай палітыцы» з’явілася публікацыя, аўтары якой паставілі пад сумнеў магчымасць дасягнення галоўнай палітычнай мэты Крамля — звяржэння цяперашняй украінскай улады.

У артыкуле адзначалася, што рэалізацыя такога сцэнару запатрабавала б акупацыі ўсёй тэрыторыі Украіны, што не з’яўляецца рэалістычным. Замест гэтага аўтары заклікалі разгледзець магчымасць урэгулявання канфлікту шляхам перамоваў. На думку Рахмана, падобныя заявы сведчаць пра паступовае назапашванне незадаволенасці сярод часткі расійскай эліты.

Наступствы ваенных паразаў для Расіі

Аўтар нагадаў, што ў гісторыі Расіі ваенныя няўдачы часта станавіліся каталізатарам палітычных змен, і таму, піша ён, Пуціну варта хвалявацца не толькі з-за ходу вайны, але і з-за ўласнага становішча.

«Параза ў руска-японскай вайне 1905 года спрыяла грамадскім хваляванням і руху да канстытуцыйнай манархіі. Няўдача ў Першай сусветнай вайне стала фонам для Расійскай рэвалюцыі. Адхіленне Мікіты Хрушчова з пасады кіраўніка Савецкага Саюза ў 1964 годзе было цесна звязана з успрыманнем яго правалу падчас Карыбскага крызісу. А зацяжная вайна ў Афганістане стала важнай складовай агульнага заняпаду, які прывёў да распаду СССР», — гаворыцца ў артыкуле.

Выхадзячы з гэтага, аглядальнік выказвае здагадку, што няўдача ва Украіне цалкам можа прывесці да падзення Пуціна, якому цяпер 73 гады. Праўда, адзначае ён, цяжка ўявіць, якім можа быць канкрэтны механізм яго адхілення ад улады.

Ці могуць адхіліць Пуціна

Рахман лічыць, што масавыя пратэсты ў Расіі або традыцыйная палітычная барацьба наўрад ці могуць быць паспяховымі. Маўляў, у Маскве ўжо адбываліся буйныя антыпуцінскія дэманстрацыі ў 2011–2012, 2019 і 2021 гадах, але яны заканчваліся масавымі арыштамі і гвалтам.

«Харызматычныя апазіцыйныя лідары звычайна альбо гінуць, альбо вымушаныя пакідаць краіну. Барыс Нямцоў быў забіты недалёка ад Крамля ў 2015 годзе. Аляксей Навальны памёр у турме ў 2024 годзе — амаль напэўна яго забілі. У верасні адбудуцца выбары ў расійскую Дзярждуму, але іх вынік ні ў каго не выклікае сумненняў», — піша ён.

Па меркаванні Рахмана, узброеныя людзі маюць больш шанцаў зрынуць Пуціна, чым беззбройныя цывільныя. Ён нагадаў, што мяцеж 2023 года на чале з заснавальнікам ПВК «Вагнер» Яўгенам Прыгожыным быў найболей блізкім момантам да страты Пуціным улады, аднак скончыўся няўдачай. Пасля гэтага дыктатар паклапаціўся пра тое, каб захаваць жорсткі кантроль над усімі ўзброенымі структурамі краіны.

Найбольшая пагроза для Пуціна — раскол эліт

«Нягледзячы на гэта, раскол унутры расійскай эліты па-ранейшаму выглядае найбольш верагодным шляхам да адхілення Пуціна. Для гэтага патрэбная крытычная маса людзей, якія пагодзяцца, што вайна ідзе няўдала і што Расіі неабходна яе завяршыць. Гэтыя людзі таксама павінны разумець, што дамовіцца пра мір з Украінай і аднавіць адносіны з Еўропай было б значна лягчэй, калі б у Крамлі з’явіліся новае аблічча і новае мысленне», — выказаў меркаванне аглядальнік.

Ён лічыць, што еўрапейскія ўрады ўжо цяпер павінны рабіць усё магчымае, каб данесці гэты сігнал да элітных колаў у Расіі. Аднак, сцвярджае ён, ператварыць незадаволенасць эліт у рэальны механізм адхілення Пуціна будзе няпроста. Верагодна, для гэтага патрэбны чалавек з вышэйшых эшалонаў улады, за якім стаялі б адданыя яму сілавыя структуры.

У гэтым кантэксце ён прывёў меркаванне дырэктара берлінскага аддзялення Цэнтра Карнегі «Расія—Еўразія» Аляксандра Габуева, які заяўляў, што цяперашняя расійская эліта складаецца з «асабіста адабраных лаялістаў, бенефіцыяраў цяперашняга супрацьстаяння, людзей, на якіх сабраныя велізарныя аб’ёмы кампрамату як сродак стрымлівання, якія недастаткова кантактуюць паміж сабой для змовы і ўжо шмат гадоў знаходзяцца пад заходнімі санкцыямі».

У такіх абставінах, лічыць аўтар, падтрымліваць Пуціна можа здавацца больш бяспечным выбарам. Таму, канстатуе ён, перашкоды на шляху да яго адхілення застаюцца надзвычай сур’ёзнымі.

«І ўсё ж становіцца ўсё больш відавочным, што Пуцін паставіў сваю краіну на шлях, які нельга падтрымліваць бясконца. І тут дарэчы ўжыць выраз, папулярны на фінансавых рынках: «Калі нешта не можа цягнуцца бясконца, яно рана ці позна спыніцца», — падсумаваў Рахман.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках