Цэны на нафту пераадолелі псіхалагічную адзнаку
- 17.06.2026, 10:40
- 1,448
Апусціўшыся ніжэй за $80 за барэль.
Цэны на нафту ў сераду, 17 чэрвеня, знізіліся, працягнуўшы падзенне папярэдняй сесіі. Інвестары ацэньваюць наступствы мірнага пагаднення паміж ЗША і Іранам, хоць нявызначанасць адносна поўнага аднаўлення суднаходства праз Армузскі праліў стрымлівае далейшае патанненне сыравіны.
Як піша Reuters, ф'ючэрсы на нафту Brent патаньнелі на 16 цэнтаў, або 0,2% — да 78,80 даляра за барэль. Амерыканская нафта WTI страціла 25 цэнтаў, або 0,3%, апусціўшыся да 75,80 даляра за барэль.
Напярэдадні абедзве эталонныя маркі ўпалі прыкладна на 5% другую сесію запар і дасягнулі найніжэйшых узроўняў за апошнія тры месяцы. Рынак адрэагаваў на чаканні, што пагадненне паміж Вашынгтонам і Тэгеранам дазволіць аднавіць транспартаванне нафты праз Армузскі праліў.
Пагадненне прадугледжвае адмену Вашынгтонам блакады іранскіх портаў, у той час як Тэгеран павінен забяспечыць праход нафтавых танкераў праз Армузскі праліў, які фактычна быў заблакаваны пасля ўдараў ЗША і Ізраіля 28 лютага.
Галоўны стратэг інвестыцыйнага падраздзялення Nissan Securities Investment Хіраюкі Кікукава адзначыў, што рынак адрэагаваў падзеннем цэн з-за чаканняў адкрыцця праліву, аднак трэйдары ўстрымліваюцца ад новых маштабных продажаў да з'яўлення дадатковых дэталяў пагадненняў.
Паводле яго ацэнкі, у бліжэйшы час цана WTI можа заставацца валацільнай у дыяпазоне каля 80 даляраў за барэль з адхіленнем прыкладна на 10 даляраў у той ці іншы бок.
Выданне нагадала, што падрабязнасці часовага мірнага пагаднення пачалі з'яўляцца 16 чэрвеня. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што яно зробіць немагчымым стварэнне Іранам ядзернай зброі, а адзін з амерыканскіх чыноўнікаў паведаміў, што пасля падпісання дакумента Тэгеран зможа аднавіць экспарт нафты.
Праўда, прадстаўнікі галіны папярэджваюць, што вяртанне да даваенных аб'ёмаў здабычы і перапрацоўкі нафты можа заняць ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў або нават гадоў. Дадатковую нявызначанасць стварае пазіцыя Ізраіля, які дыстанцыяваўся як ад красавіцкага перамір'я, так і ад новага пагаднення паміж ЗША і Іранам.