СМІ: Трамп учыніў скандал Нэтаньяху
- 2.06.2026, 8:55
- 5,660
Прэзідэнт ЗША выкарыстаў рэзкія выразы.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас тэлефоннай размовы рэзка раскрытыкаваў прэм’ер-міністра Ізраіля Біньяміна Нэтаньяху, абвінаваціўшы яго ў эскалацыі канфлікту ў Ліване і няўдзячнасці. Пра гэта паведамляе Axios са спасылкай на крыніцы ў амерыканскай адміністрацыі.
Паводле звестак выдання, Трамп быў надзвычай незадаволены дзеяннямі Ізраіля, лічачы, што далейшыя ўдары па Ліване могуць сарваць перамоўны працэс з Іранам. Ён таксама папярэдзіў Нэтаньяху, што бамбардзіроўкі Бейрута толькі ўзмацняюць міжнародную ізаляцыю Ізраіля.
Як сцвярджаюць крыніцы, падчас размовы амерыканскі лідар дазволіў сабе жорсткія выказванні на адрас ізраільскага прэм’ер-міністра, а ў пэўны момант нават павысіў голас, патрабуючы растлумачыць дзеянні ізраільскага боку.
Акрамя таго, Трамп нагадаў Нэтаньяху пра сваю падтрымку падчас судовага працэсу па абвінавачваннях у карупцыі і даў зразумець, што чакае ад саюзніка большай лаяльнасці.
Паводле слоў аднаго з суразмоўцаў Axios, размова аказалася настолькі жорсткай, што Трамп фактычна «разнёс» ізраільскага прэм’ер-міністра. У адказ, як сцвярджаецца, Нэтаньяху спрабаваў перанакіраваць размову ў больш спакойнае рэчышча.
Пасля размовы Ізраіль адмовіўся ад планаў нанясення новага авіяўдару па Бейруце. Трамп таксама выказаў занепакоенасць ахвярамі сярод мірнага насельніцтва Лівана і раскрытыкаваў практыку знішчэння цэлых будынкаў дзеля ліквідацыі асобных камандзіраў «Хезбалы».
Нягледзячы на гэта, пазней Нэтаньяху заявіў, што пазіцыя Ізраіля застаецца нязменнай: калі атакі з боку «Хезбалы» працягнуцца, ізраільская армія будзе гатовая нанесці новыя ўдары па Бейруце.