У Магілёўскай вобласці выставілі на таргі вясковы туалет
5- 2.06.2026, 12:04
- 1,696
Кошт аб’екта нерухомасці здзіўляе.
У Магілёўскай вобласці шукаюць новага ўладальніка для аб’екта нерухомасці вельмі спецыфічнага прызначэння.
У вёсцы Гронаў Чэрыкаўскага раёна на таргі выставілі вясковы туалет.
Аб’ява пра продаж з’явілася на пляцоўцы «БелЮрОбеспечение», звярнуў увагу тэлеграм-канал «МогилевОнлайн».

На фота аб’ект выглядае даволі сціпла: невялікая цагляная пабудова і драўляны плот вакол.
Пры гэтым за яго просяць зусім не сімвалічную суму — прыблізна як за добры смартфон.
Пачатковы кошт туалета складае 3440 рублёў. Чаму яго ацанілі менавіта так, у аб’яве не тлумачыцца.
Вядома толькі, што пабудова прадаецца як арыштаваная маёмасць — за даўгі.
Раней яна належала прадпрыемству «Чэрыкаўская перасоўная механізаваная калона №280».
Патэнцыйнаму пакупніку варта ўважліва вывучыць умовы продажу.
У картцы лота пазначана, што туалет размешчаны на ўчастку плошчай 0,6 га. Аднак зямля ў склад маёмасці не ўваходзіць, таму новаму ўладальніку дастанецца толькі сама пабудова.
Ёсць і яшчэ адна ўмова. Пасля завяршэння таргоў пераможца павінен поўнасцю разлічыцца за набыццё на працягу 10 рабочых дзён.