Ураджэнец Беларусі Раман Гофман афіцыйна ўступіў на пасаду кіраўніка «Масада»
2- 2.06.2026, 18:45
- 1,212
Урачыстая цырымонія прывядзення яго да прысягі адбылася ў штаб-кватэры разведвальнага агенцтва ў Тэль-Авіве.
Генерал-маёр Раман Гофман афіцыйна ўступіў на пасаду кіраўніка «Масада» тэрмінам на пяць гадоў, пакінуўшы пасаду ваеннага сакратара ізраільскага прэм'ер-міністра. Урачыстая цырымонія прывядзення яго да прысягі адбылася ў штаб-кватэры разведвальнага агенцтва ў Тэль-Авіве. «Я ўступаю на гэтую пасаду са сціпласцю і пачуццём абавязку, — заявіў генерал Гофман і звярнуўся да Біньяміна Нетаньягу: — Спадар прэм'ер-міністр, вы адкрылі для мяне сакрэт лідарства».
Генерал Гофман рэпатрыяваўся ў Ізраіль з Беларусі разам з бацькамі ў 1990 годзе, калі яму было 14 гадоў. Тады будучы кіраўнік «Масада» не да канца ўсведамляў сваю прыналежнасць да яўрэйскага народа. «Будучы падлеткам, адарваным <...>, я адмаўляўся разумець, навошта трэба было ўсё кідаць і з'язджаць», — адзначаў Гофман у 2020 годзе ў біяграфічным эсэ для Каледжа нацыянальнай бяспекі ЦАХАЛа.
Праблемы з інтэграцыяй і самавызначэннем станавіліся прычынай ягоных дракаў з аднагодкамі і нават прыводаў у паліцыю, прызнаецца генерал. «Рух да самапазнання пачаўся з разумення ўласнай «іншасці»: культурны пратэст у падлеткавым узросце ў Ашдодзе, форма ЦАХАЛа, вострыя пытанні маіх саслужыўцаў, вайсковыя сутычкі з арабамі і, нарэшце, Галоўны равінат (спецыяльнае падраздзяленне Генштаба, якое адказвае за рэлігійную дысцыпліну ў вайсковых часцях. — Заўв.), які спачатку не хацеў дазваляць мне жаніцца тут з-за адсутнасці патрэбных дакументаў», — піша Гофман.
У 1995 годзе будучы кіраўнік «Масада» пачаў службу ў бранятанкавых войсках ЦАХАЛа, якім прысвяціў амаль 30 гадоў. У дзень разні 7 кастрычніка 2023 года, калі «ХАМАС» і блізкія яму групоўкі ўварваліся на поўдзень Ізраіля, Раман Гофман асабіста ўступіў у бой з хамасаўцамі на мяжы і быў шпіталізаваны з цяжкімі раненнямі. «Ён ляжаў там, у рэанімацыі, цяжка паранены, пасля таго як кінуўся ў бой, і ягонае цела было прастрэлена кулямі, але яго дух быў непахісны!» — успамінаў прэзідэнт Іцхак Герцаг пра свой візіт у бальніцу Асаф ха-Рофэ, які адбыўся 8 кастрычніка.
На пасадзе ваеннага сакратара на генерала Гофмана былі ўскладзены абавязкі па падтрымліванні кантактаў з Расіяй па сірыйскім канфлікце. Праз два месяцы пасля таго, як 8 снежня 2024 года антыўрадавыя групоўкі зрынулі рэжым Башара Асада, генералу было даручана накіравацца ў Маскву, каб абмеркаваць далейшае ўзаемадзеянне па Сірыі.
Раней «Масад» ужо ўзначальваў выхадзец з Беларусі: у 1952–1963 гадах ізраільскай спецслужбай кіраваў ураджэнец Віцебска Ісэр Харэль.