Германія перакідвае да мяжы з Беларуссю 5000 вайскоўцаў
- 22.06.2026, 11:42
- 1,184
Падрыхтоўка неабходнай інфраструктуры ў Літве прасоўваецца з апярэджаннем графіка.
Берлін працягвае ўмацоўваць усходні фланг НАТА, перакідваючы сваіх вайскоўцаў у Літву. Паводле інфармацыі выдання Bild, да канца 2027 года тут плануецца на пастаяннай аснове размясціць каля 5000 службоўцаў Бундэсвера. Усе яны ўвойдуць у склад 45-й танкавай брыгады. Частка кантынгенту — каля 1800 салдат — ужо дыслакаваная ў краіне і ў чэрвені бярэ ўдзел у манёўрах «Freedom Shield» на палігоне Пабраде, размешчаным усяго за 20 кіламетраў ад мяжы з Беларуссю.
Падрыхтоўка неабходнай інфраструктуры прасоўваецца з апярэджаннем графіка. Кіраўнік літоўскага абароннага ведамства Робертас Каунас у інтэрв’ю WELT адзначыў, што першы этап будаўнічых прац апярэджвае намечаны план на дзесяць месяцаў.
«Мы можам зыходзіць з таго, што Германія і Літва ў любым выпадку будуць гатовыя да канца 2027 года, калі не раней. Брыгада будзе цалкам абсталяваная і гатовая», — падкрэсліў Каунас.
Для нямецкіх вайскоўцаў і іхніх сем’яў у Літве ўзводзяць не толькі вайсковыя аб’екты, але і грамадзянскія: жылыя дамы, медыцынскія цэнтры, школы і дзіцячыя сады. Міністр назваў гэты праект «вяхой для нямецка-літоўскіх адносін», якая адыгрывае ключавую ролю ў стрымліванні на ўсходніх рубяжах альянсу. У самым Бундэсвэры размяшчэнне 45-й брыгады называюць гістарычнай падзеяй, бо з часоў Другой сусветнай вайны нямецкія войскі яшчэ ніколі не базаваліся за мяжой на пастаяннай аснове.