22 чэрвеня 2026, панядзелак, 22:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЗСУ ўзялі ў палон 18-гадовага беларуса

9
ЗСУ ўзялі ў палон 18-гадовага беларуса

Ураджэнец Рэчыцы ваяваў на баку РФ.

18-гадовы ўраджэнец Рэчыцы Мікіта ваяваў на баку Расіі, апынуўся ў украінскім палоне і стаў героем выпуску перадачы ўкраінскага журналіста, блогера і грамадскага дзеяча Дзмітрыя Карпенкі, перадае «Зеркало».

Хлопец паведаміў, што вырас у Рэчыцы ў звычайнай сям'і. Бацькі, па яго словах, развяліся, калі яму было каля дзесяці гадоў: бацька пасля гэтага жыў асобна і працаваў дальнабойнікам, маці засталася ў горадзе і даглядала пажылую сваячку. Ён узгадваў старэйшага брата, які жыве асобна і, па яго словах, вядзе «сваё жыццё», а таксама стрыечнага брата, які ўдзельнічаў у баявых дзеяннях і, як ён сцвярджае, загінуў.

Пра школу ён казаў каротка і без падрабязнасцяў: скончыў дзевяць класаў у сярэдняй школе № 10 у Рэчыцы, вучыўся без асаблівай цікавасці і сам прызнаваў, што «не вучыўся, а проста сядзеў». Сярэдні бал, па яго словах, складаў каля 4,5 па дзесяцібальнай сістэме. Пасля школы ён паступіў у Хойніцкі каледж на трактарыста-зваршчыка, але навучанне не завяршыў.

Асобны эпізод ён прысвяціў падлеткавай крымінальнай справе. Па яго словах, разам з сябрамі ён удзельнічаў у крадзяжах ровараў і дэталяў — ліхтароў, сядзенняў, колаў. Скрадзенае яны выкарыстоўвалі для катання, а частку спрабавалі прадаць. Пасля затрымання ён даў прызнальныя паказанні, справа была ўзбуджаная па артыкуле аб крадзяжы групай асоб, суд прызначыў «хатнюю хімію», якую пазней знялі па амністыі.

Як толькі хлопцу споўнілася 18 гадоў, пачаўся этап, які прывёў яго да паездкі ў Расію. Кантакт з будучым куратарам ён атрымаў не наўпрост: яго стрыечны брат (якому таксама было 18 гадоў), ужо знаходзіўся на вайне, перадаў яму кантакт жанчыны па імені Яна, якая займалася далейшай арганізацыяй паездкі.

Па яго словах, менавіта праз яе ён атрымаў інструкцыі, білеты і суправаджэнне маршруту. Яму абяцалі выплату каля 2,5 мільёна расійскіх рублёў (каля 33,7 тыс. долараў), аднак фактычна, як ён сцвярджае, ён атрымаў каля 500 тысяч.

Асобна ён апісвае момант, калі паведаміў маці пра паездку:

«Сказаў, калі ўжо ў цягніку быў. Яна сказала: „Вяртайся дадому“, а я не слухаў. Сказала, што дурань. Брат старэйшы таксама сказаў, што я дэбіл».

Далей ён апісвае маршрут праз некалькі гарадоў да Варонежа, дзе яго сустрэлі і даставілі ў вучэбны лагер «Голубой экран», размешчаны на тэрыторыі былога дзіцячага лагера. Там ён знаходзіўся каля двух тыдняў, праходзячы базавую падрыхтоўку: фізічныя нагрузкі, стральбу, кіданне гранат і тактычныя практыкаванні. Потым яго перавялі ў раён Пагонова.

Пра баявыя дзеянні ён казаў як пра падзеі, што імкліва разгортваліся. У снежні 2025 года ён апынуўся ў раёне Крамянной. Па яго словах, група рухалася малымі падраздзяленнямі, ноччу, праз лесапалосы і палі, выкарыстоўваючы навігацыйныя прылады і арыенціры, а частка маршрутаў карэктавалася на месцы.

Фінальны эпізод ён апісвае так: група выйшла да ўмацаванай пазіцыі, дзе спачатку ім пацвердзілі, што яны прыйшлі «па адрасе». Пасля гэтага ім загадалі адысці назад. Праз некалькі секунд з укрыцця выйшаў узброены чалавек і запатрабаваў скласці зброю. Ён узгадвае фармулёўку: «Кідайце зброю, калі хочаце жыць». Пасля гэтага яны выканалі загад, былі раззброеныя і заведзеныя ўнутр бліндажа, дзе фактычна апынуліся ў палоне.

У палоне, па яго словах, ім далі ежу і базавыя ўмовы ўтрымання, пасля чаго пачаліся пытанні пра матывы ўдзелу ў баявых дзеяннях. Абмяркоўвалася версія пра помсту за загінулага сваяка, аднак ён гэта адмаўляў, настойваючы, што асноўнай прычынай былі грошы і жаданне трапіць да брата.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках