Брэст застаўся без вады
4- 29.06.2026, 9:44
- 3,222
У самае пякло.
У нядзелю, 28 чэрвеня, Брэст пабіў тэмпературны рэкорд. Паветра там раскалелася да +37,3°С.
У сацсетках жартавалі, што горад ператварыўся ў сапраўдны філіял пекла, але многім жыхарам было зусім не да смеху. У гэты дзень адразу некалькі раёнаў абласнога цэнтра засталіся без вады, паведамляе «Віртуальны Брэст».
Што адбылося
Увечары, калі горад літаральна знемагаў ад зною, у Threads адна за адной пачалі з'яўляцца скаргі на перабоі з водазабеспячэннем. Паведамленні паступалі з Усходу, Вулькі, Паўднёвага і іншых частак Брэста.
У адных знікла толькі халодная вада, у іншых знікла і гарачая. А некаторыя брэстчане пісалі, што перад адключэннем з крана некалькі хвілін цякла амаль кіпячая вада.
Больш за ўсё людзей абурыла адсутнасць якой-небудзь інфармацыі. Многія жыхары так і не змаглі датэлефанавацца па кароткіх нумарах 114 і 115, каб даведацца, што здарылася і калі дадуць ваду.
У чым магла быць прычына
Тыя, каму ўсё ж удалося звязацца з «Водаканалам», распавядалі, што аварый на сетках няма.
Як патлумачылі брэстчанам спецыялісты, з-за экстрэмальнай спёкі рэзка вырасла спажыванне вады, і насоснае абсталяванне перастала спраўляцца з нагрузкай.
Аднак афіцыйнага пацверджання гэтай версіі пакуль няма. На момант падрыхтоўкі публікацыі адказныя службы сітуацыю не каментавалі.
Праўда, пра магчымыя праблемы камунальнікі папярэджвалі загадзя. У той жа дзень ЖКГ Брэсцкай вобласці звярнулася да жыхароў з просьбай больш эканомна расходаваць ваду ў спякотныя дні.
У ведамстве патлумачылі, што ў такое надвор'е спажыванне вады рэзка ўзрастае. З-за гэтага нагрузка на насосныя станцыі павялічваецца, а ціск у сістэме водазабеспячэння можа зніжацца.
Таму жыхароў прасілі па магчымасці адмовіцца ад паліву агародаў, газонаў і напаўнення басейнаў вадой з цэнтральнага водаправода.
А што далей
Бліжэй да поўначы ваду ўсё ж такі далі, але расслабляцца пакуль рана.
Ужо 29 чэрвеня сінаптыкі абяцаюць яшчэ мацнейшую спякоту. На паўднёвым захадзе краіны паветра можа прагрэцца да +39°С.
У гэтай сітуацыі брэстчанам застаецца толькі спадзявацца, што сістэма водазабеспячэння вытрымае новую нагрузку.