Названы просты спосаб абараніць псіхічнае здароўе
3- 4.06.2026, 10:39
- 1,786
Без лекаў.
Умераныя і інтэнсіўныя фізічныя нагрузкі аказваюцца значна карыснейшымі для псіхічнага здароўя, чым лёгкая актыўнасць кшталту павольных шпацыраў. Да такіх высноў прыйшлі даследчыкі з Універсітэта Оулу. Праца апублікаваная ў часопісе Depression and Anxiety (D&A).
Навукоўцы прааналізавалі даныя амаль 4,5 тысячы ўдзельнікаў доўгатэрміновага праекта Northern Finland Birth Cohort 1966. У 46-гадовым узросце добраахвотнікі на працягу двух тыдняў насілі датчыкі актыўнасці, якія фіксавалі ўзровень фізічных нагрузак і час, праведзены ў сядзячым становішчы. Затым даследчыкі параўналі гэтыя даныя з вынікамі апытальнікаў, якія ацэньваюць сімптомы трывожнасці і дэпрэсіі.
Выявілася, што чым больш часу людзі ўдзялялі ўмеранай і інтэнсіўнай фізічнай актыўнасці ў параўнанні з сядзячым ладам жыцця і лёгкімі нагрузкамі, тым радзей у іх назіраліся прыкметы трывожнасці і дэпрэсіі.
Да ўмераных і інтэнсіўных нагрузак адносяцца такія віды актыўнасці, падчас якіх чалавек пачынае злёгку задыхацца: хуткая хада, бег, плаванне, язда на веласіпедзе або інтэнсіўныя заняткі фітнесам.
Паводле слоў дацэнткі Універсітэта Оулу Майсы Ніемеля, вынікі паказваюць, што для псіхічнага здароўя важны не проста факт руху, а менавіта інтэнсіўнасць нагрузкі.
«Атрыманыя даныя сведчаць пра тое, што з пункту гледжання псіхічнага здароўя ключавое значэнне мае інтэнсіўнасць фізічнай актыўнасці, а не проста павелічэнне колькасці рухаў», — адзначыла даследчыца.
Аўтары таксама высветлілі, што нават нязначныя змены распарадку дня могуць прынесці карысць. Калі замяніць усяго 30 хвілін сядзячага часу ўмеранай або інтэнсіўнай фізічнай актыўнасцю, выяўленасць сімптомаў дэпрэсіі аказваецца ў сярэднім на 9% ніжэй, а трывожнасці — прыблізна на 5% ніжэй.
Яшчэ адным важным фактарам аказаўся сон. У сярэднім удзельнікі даследавання спалі каля 7 гадзін 30 хвілін у суткі. Нават скарачэнне сну на 5–30 хвілін было звязанае з нязначным узмацненнем сімптомаў трывожнасці і дэпрэсіі.
Даследчыкі падкрэсліваюць, што нельга разглядаць фізічную актыўнасць асобна ад іншых складнікаў дня. Сон, сядзячы лад паводзінаў і розныя ўзроўні нагрузак утвараюць адзіную 24-гадзінную сістэму, у якой змена аднаго элемента непазбежна ўплывае на астатнія.
На думку аўтараў працы, аптымальнай стратэгіяй для падтрымання псіхічнага здароўя ў сярэднім узросце з'яўляецца спалучэнне дастатковага сну і рэгулярных умераных або інтэнсіўных фізічных нагрузак. Пры гэтым павелічэнне трэніровак не павінна адбывацца за кошт скарачэння часу адпачынку.