7 чэрвеня 2026, Нядзеля, 10:12
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Арменіі пачалося галасаванне на вырашальных парламенцкіх выбарах

У Арменіі пачалося галасаванне на вырашальных парламенцкіх выбарах

Вынікі вызначаць будучы знешнепалітычны курс краіны.

У Арменіі а 08.00 па мясцовым часе 7 чэрвеня пачаліся чарговыя выбары ў парламент. Па ўсёй краіне адкрыліся 2005 выбарчых участкаў, паведамляюць «Новости-Армения». Гэтыя выбары называюць вырашальнымі — яны вызначаць будучы знешнепалітычны курс краіны: або яна працягне асцярожны паварот у бок Захаду пры дзейным прэм’еры, або вернецца ў арбіту ўплыву Масквы пад кіраўніцтвам прарасійскай апазіцыі.

Пашынян супраць «сяброў Крамля»

Як піша Euronews, выбаршчыкам трэба будзе зрабіць выбар паміж цэнтрысцкай партыяй «Грамадзянская дамова» дзейнага прэм’ер-міністра Нікола Пашыняна і фрагментаванай прарасійскай апазіцыяй, якую адкрыта падтрымлівае Крэмль.

Ключавая апазіцыйная сіла — блок «Моцная Арменія», які ўзначальваюць былы прэзідэнт Роберт Качаран і расійска-армянскі мільярдэр Самвел Карапецян. Апошні ўдзельнічае ў кампаніі, знаходзячыся пад хатнім арыштам.

Напярэдадні выбараў Еўрапейскі саюз і ЗША выказалі адназначную падтрымку Ніколу Пашыняну. Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра «поўную і безагаворачную падтрымку» перавыбрання прэм’ера, а кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен адзначыла, што «Еўропа цвёрда стаіць на баку Арменіі» на фоне эканамічнага ціску з боку Масквы.

Паводле апытання, праведзенага кампаніяй Breavis за некалькі дзён да галасавання, партыя Пашыняна можа атрымаць больш за 60% галасоў, што дазволіць яму замацаваць стратэгічны паварот краіны на Захад. Пры гэтым, паводле таго ж апытання, ніводная апазіцыйная партыя не зможа пераадолець 12-працэнтны бар’ер.

Абстаноўка перад выбарамі была напружанай. 6 чэрвеня Следчы камітэт Арменіі затрымаў шасцярых кандыдатаў ад апазіцыйнага блока «Моцная Арменія» па абвінавачваннях у падкупе выбаршчыкаў і адмыванні грошай. Таксама СМІ паведамлялі пра рэзкі рост колькасці грамадзян Арменіі, якія прыбываюць з Расіі для ўдзелу ў галасаванні.

Як будуць праходзіць выбары?

Паводле даных ЦВК Арменіі, у спісах выбаршчыкаў значыцца 2 млн 505 тысяч 102 чалавекі. У выбарах бяруць удзел 18 палітычных сіл: 16 партый і два блокі. Сярод іх — партыя «Грамадзянская дамова» Нікола Пашыняна, блок «Моцная Арменія», партыя «Працвітаючая Арменія», «Армянскі нацыянальны кангрэс» і іншыя.

За ходам галасавання будуць сачыць міжнародныя назіральнікі ад БДІПЧ/АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, ПАСЕ, Еўрапейскага парламента і іншых арганізацый.

Цэнтральная выбарчая камісія Арменіі ўстанавіла графік інфармавання аб ходзе галасавання і падліку галасоў (мінскі час — на гадзіну раней):

з 09.00 ЦВК пачне публікаваць даныя аб ходзе галасавання;

з 12.00 да 21.00 з трохгадзінным інтэрвалам ЦВК будзе агучваць інфармацыю пра яўку;

а 20.00 выбарчыя ўчасткі закрыюцца і пачнецца падлік галасоў;

з 00.00 8 чэрвеня пачнецца абвяшчэнне папярэдніх вынікаў па меры іх паступлення з выбарчых участкаў;

да 20.00 8 чэрвеня ЦВК падвядзе і афіцыйна апублікуе папярэднія вынікі галасавання.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках