У Краснадарскім краі і Растоўскай вобласці ўзнік дэфіцыт бензіну
1- 8.06.2026, 21:37
- 1,228
Паліўны крызіс у РФ набірае абароты.
Паліўны крызіс у Крыме пачаў распаўсюджвацца на суседнія рэгіёны. Улады Краснадарскага краю паведамілі пра дэфіцыт бензіну на аўтазапраўках, якія набываюць паліва дробным аптам без доўгатэрміновых кантрактаў з пастаўшчыкамі. У аператыўным штабе ўдакладнілі, што ўсяго ў рэгіёне больш за 500 такіх АЗС, і на частцы з іх цяпер няма паліва. Улады таксама зафіксавалі выпадкі, калі «бензін адсутнічаў на некалькіх сеткавых АЗС: яго не паспелі падвезці з‑за рэзкага росту попыту». Чыноўнікі запэўніваюць, што праблемы маюць кароткатэрміновы характар і цяпер буйныя сеткі карэктуюць графікі паставак на свае запраўкі, перадае The Moscow Times.
Пра рызыку перабояў з палівам таксама папярэдзілі ўлады Растоўскай вобласці. Віцэ-губернатар па пытаннях прамысловасці і энергетыкі Ігар Сарокін заявіў, што буйныя сеткі пакуль працуюць у штатным рэжыме, аднак «магчымыя лакальныя цяжкасці на невялікіх заправачных станцыях». Сярод прычын ён назваў зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці на шэрагу нафтаперапрацоўчых заводаў з‑за «пазапланавых рамонтаў» і высокую загружанасць транспартнай сеткі РЖД. Сарокін дадаў, што ўлады прымаюць меры для прадухілення дэфіцыту паліва.
Попыт на бензін і дызель у Растоўскай вобласці і Краснадарскім краі традыцыйна расце летам з‑за сезона адпачынкаў, павелічэння патоку аўтамабіляў у бок Чарнаморскага ўзбярэжжа і акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама з‑за актыўных сельскагаспадарчых работ.
З канца мая дэфіцыт паліва ўзнік у анексаваным Крыме. Спачатку «улады» ўвялі ліміты на продаж бензіну — не больш за 20 літраў у адны рукі, а таксама сістэму талонаў. Аднак сітуацыя працягвала пагаршацца. У выніку 4 чэрвеня на паўвостраве цалкам спынілі свабодны продаж бензіну за наяўныя. Па раней набытых талонах па-ранейшаму можна набыць не больш за 20 літраў паліва. На АЗС дзяжураць чыноўнікі, якія фіксуюць нумары аўтамабіляў.
У Севастопалі, пасля абмежаванняў, што не далі выніку, «улады» запусцілі 6 чэрвеня продаж паліва праз Max. Адзін згенераваны ў дзяржмэсенджары QR-код дае права на разавую запраўку аўтамабіля 20 літрамі бензіну на сетцы «ТЭС» у перыяд з 09:00 да 21:00 бягучага дня. Пры гэтым атрымаць яшчэ адзін код для той жа машыны можна толькі праз сем сутак. Ужо ўначы на 7 чэрвеня, а 01:47 мск, «губернатар» Міхаіл Разважаеў паведаміў, што QR-коды на гэты дзень скончыліся.
Прычынай паліўнага крызісу сталі ўдары ЗСУ па нафтаперапрацоўчай інфраструктуры і лагістыцы. Украінскія беспілотнікі фактычна ўзялі пад кантроль федэральную трасу Р‑280 «Наварасія» — «сухапутны калідор» у Крым, што ідзе з Растова-на-Доне. Паводле дадзеных Bloomberg, за студзень–май 2026 года расійскія НПЗ падвяргаліся атакам 38 разоў, прычым 16 заводаў былі пашкоджаныя ў маі — гэта максімальны паказчык за ўвесь час вайны. У выніку аб'ёмы нафтаперапрацоўкі ў РФ упалі да мінімуму з 2009 года.