Кіраўнік МУС Эстоніі: нельга дазваляць расіянам наведваць ЕС
2- 17.07.2026, 16:37
Пакуль украінцы гінуць пад ракетамі.
Міністр унутраных спраў Эстоніі Ігар Таро заклікаў Еўрапейскі саюз узмацніць візавую палітыку ў дачыненні да грамадзян Расіі, перадае ERR.
Паводле слоў міністра, пытанне датычыць не толькі бяспекі, але і каштоўнасцяў.
«Я згодны з еўракамісарам Магнусам Бруннерам у тым, што павелічэнне колькасці выдаваных турыстычных віз грамадзянам Расіі ў цяперашняй сітуацыі абсалютна непрымальнае. Пакуль звычайныя ўкраінцы гінуць пад ракетнымі ўдарамі, нельга дазваляць грамадзянам дзяржавы-агрэсара адпачываць і займацца шопінгам у Еўропе, быццам нічога не адбылося», — сказаў Таро.
Ён адзначыў, што абмежавальныя меры павінны дзейнічаць аднолькава на ўсёй тэрыторыі Еўрапейскага саюза і Шэнгенскай зоны, а не заставацца рэкамендацыямі для асобных дзяржаў.
На думку міністра, дзейная сістэма павінна дазваляць уводзіць абмежаванні больш гнутка. У прыватнасці, гаворка ідзе пра магчымасць абмяжоўваць выдачу віз асобным катэгорыям грамадзян Расіі, уключаючы дыпламатаў, уладальнікаў службовых пашпартоў, былых і дзейных удзельнікаў вайны супраць Украіны, а таксама рэлігійных дзеячаў, якія падтрымліваюць расійскую агрэсію.
Акрамя таго, абмежаванні могуць прымяняцца ў залежнасці ад мэты паездкі.