Назвалі сярэдні кошт паездкі на таксі ў Беларусі
- 18.07.2026, 19:31
- 1,842
Лічбу агучылі ў Мінтрансе.
Стаў вядомы сярэдні кошт адной паездкі на таксі ў Беларусі, паведамілі ў прэс-службе Міністэрства транспарту і камунікацый.
Паводле звестак ведамства, у Рэестры аўтамабільных перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах на сённяшні дзень зарэгістраваныя 37 290 вадзіцеляў таксі і 27 720 аўтамабіляў, з якіх 4055 — электрамабілі.
«Сярэдні чэк паездкі ў цэлым па краіне складае каля 12 рублёў», — гаворыцца ў паведамленні.
У Мінтрансе раней паведамлялі пра новыя правілы працы таксі. Цяпер пры пасадцы пасажыра «ад борта» вадзіцель павінен загадзя паведаміць прыблізны кошт паездкі.
У ведамстве патлумачылі, што такое патрабаванне ўведзена для недапушчэння спрэчных сітуацый паміж вадзіцелямі і пасажырамі.
Акрамя таго, змяніўся парадак выбару спосабу аплаты. Калі раней рашэнне мог прымаць перавозчык або дыспетчар, то цяпер гэта права замацавана за пасажырам. Менавіта заказчык паездкі можа выбраць або змяніць спосаб разліку.