У Белавежскай пушчы правядуць шматдзённы «Зубр-фэст»
2- 18.07.2026, 20:51
Арганізатары абяцаюць майстар-класы, экскурсіі, навуковыя дыскусіі і фудкорты.
У нацыянальным парку «Белавежская пушча» напрыканцы верасня плануюць правесці шматдзённы «Зубр-фэст». Займаюцца ім «Упраўленне справамі» дыктатара Лукашэнкі і Брэсцкі аблвыканкам — і гэта на фоне лета, падчас якога ў Беларусі адзін за адным адмянілі цэлы шэраг незалежных фестываляў.
Пра планы распавёў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык на сустрэчы з міністрам лясной гаспадаркі Татарстана, перадае прапагандысцкае выданне БелТА.
Фестываль, які задумваецца як «іміджавы праект», разлічаны на некалькі дзён: цяпер для яго гатуюць пляцоўку і праграму. У ўпраўленні ідэалогіі падкрэсліваюць, што вобраз зубра «займае цэнтральнае месца ў культуры Брэсцкага рэгіёна» і з'яўляецца самым пазнавальным сімвалам для мясцовых жыхароў.
Арганізатары абяцаюць сумясціць сямейны і актыўны адпачынак з навуковай часткай: у праграме — творчыя пляцоўкі, майстар-класы, воркшопы, сямейныя лакацыі, навуковыя дыскусіі і дзелавыя перамовы, тэматычныя экскурсіі, фотапаляванне і трэкінг.
Працаваць будуць фудкорты з акцэнтам на аўтэнтычную нацыянальную кухню і лакальныя прадукты. На фестываль плануюць запрасіць прадстаўнікоў розных рэгіёнаў, дзе жывуць зубры, каб абмеркаваць захаванне папуляцыі гэтага чырвонакніжнага звера. Да фестывалю ў пушчы абнаўляюць інфраструктуру: завяршаецца будаўніцтва навуковага цэнтра, запланаваны новы дом Дзеда Мароза.