Беларуска зарабіла 600 рублёў на чарніцах і грыбах
7- 20.07.2026, 8:13
- 2,182
Сярэдзіна ліпеня — пік сезона збору чарніц, лісічак і першых падасіновікаў.
У разгары сезона чарніц і грыбоў некаторыя беларусы зарабляюць на паходах у лес сотні рублёў. У спажыўкааперацыі прымаюць не толькі дзікарослыя ягады і грыбы, але і лішкі гародніны і садавіны з прысядзібных участкаў, паведамляе дзяржаўны тэлеканал СТВ.
Сярэдзіна ліпеня — пік сезона збору чарніц, лісічак і першых падасіновікаў. Для многіх жыхароў Беларусі паходы ў лес становяцца не толькі адпачынкам, але і дадатковай крыніцай даходу.
Так, жыхарка Бялыніцкага раёна Наталля Клепенкава ужо больш за 20 гадоў займаецца зборам лясных дароў. У гэтым сезоне, які пачаўся ў канцы чэрвеня, яна ходзіць у лес амаль штодня — раніцай і ўвечары. Паводле яе слоў, з пачатку сезона ёй удалося зарабіць каля 600 рублёў.
«Галоўны аргумент — гэта грошы. Калі прыязджаюць некаторыя і кажуць: „Я іду ў лес адпачываць“. Не, няпраўда, адпачынку тут ніякага няма, бо ёсць азарт. У цябе думка: учора я зарабіла 100 рублёў, сёння павінна зарабіць 110», — распавяла жанчына.
Сабраныя ягады і грыбы яна здае ў прыёмна-загатоўчы пункт мясцовай крамы. За вядро чарніц вагой крыху больш за пяць кілаграмаў можна выручыць каля 52 рублёў.
Акрамя лясных дароў, загатоўчыя пункты прымаюць і прадукцыю з прысядзібных участкаў. Цяпер жыхары актыўна здаюць парэчку, а таксама часнок. У бліжэйшы час пачнецца прыём кабачкоў, бульбы, агуркоў, таматаў, перцу і іншай гародніннай прадукцыі.