21 лiпеня 2026, aўторак, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У ЗША затрымалі блогераў-мізагіністаў, якія прыязджалі на эканамічны форум Пуціна

4
У ЗША затрымалі блогераў-мізагіністаў, якія прыязджалі на эканамічны форум Пуціна

Іх абвінавацілі ў згвалтаваннях і гандлі людзьмі.

У Маямі затрымалі скандальна вядомых блогераў — Эндру Тэйта і ягонага брата Трыстана. Брытанскія ўлады патрабуюць іх экстрадыцыі па абвінавачаннях у згвалтаваннях, гандлі людзьмі і распаўсюджванні экстрэмальнай парнаграфіі. Як паведамляе The Guardian, братоў 18 ліпеня затрымала Служба маршалаў ЗША на падставе засакрэчанага ордэра. Затрыманне адбылося каля спарткомплексу Джэймса Найта, дзе Эндру Тэйт — прафесійны кікбаксёр — збіраўся правесці турнір па баях на кулаках. Чакаецца, што на пачатку наступнага тыдня яны паўстануць перад федэральным судам у Маямі. У мінулым месяцы браты прыязджалі на Пецярбургскі міжнародны эканамічны форум, дзе іх сустракалі хлебам-соллю пад выкананне казацкім ансамблем песні «Матушка» Тацяны Куртуковай, узгадвае The Moscow Times.

Агульная колькасць абвінавачанняў супраць братоў у Вялікабрытаніі, паводле дадзеных паліцыі Бедфардшыра, складае 59: 42 супраць Эндру і 17 супраць Трыстана. У Кароннай пракуратуры ўдакладнілі, што Эндру Тэйту прад'яўлены 7 абвінавачанняў у згвалтаваннях, 3 — у арганізацыі або садзейнічанні гандлю людзьмі з мэтай сэксуальнай эксплуатацыі, 3 — у прычыненні цялесных пашкоджанняў і 19 — у злачынствах, звязаных з непрыстойнымі выявамі дзяцей і экстрэмальнай парнаграфіяй. Трыстану Тэйту інкрымінуюць 2 згвалтаванні, 1 — сэксуальны гвалт і 3 — арганізацыю або садзейнічанне гандлю людзьмі. Злачынствы, як адзначаецца, былі здзейснены ў перыяд з ліпеня 2010 года па жнівень 2017 года. Мінюст ЗША пацвердзіў, што Тэйтаў затрымалі ў межах працэдуры экстрадыцыі на запыт Лондана.

Гэта не першы арышт братоў: напрыканцы 2022 года іх затрымлівалі ў Румыніі па аналагічных абвінавачаннях, аднак у 2024 годзе суд вярнуў справу пракурорам з-за працэсуальных парушэнняў. Да студзеня 2025 года ім было забаронена пакідаць краіну, але потым румынскія ўлады раптоўна знялі абмежаванне. Як пісала Financial Times, гэтага патрабавала адміністрацыя Дональда Трампа, якога актыўна падтрымлівае Эндру. Пасля гэтага браты змаглі вылецець у ЗША, аднак расследаванне супраць іх працягнулася.

Эндру Тэйт — адзін з галоўных ідэолагаў англамоўнай «манасферы», вядомы агрэсіўнымі мізагінісцкімі выказваннямі. Ён сцвярджаў, што жанчыны «належаць» мужчынам, што ахвяры згвалтаванняў нясуць за гэта «пэўную адказнасць». У адным з падкастаў ён распавядаў, як збіў жанчыну і зламаў ёй сківіцу, дадаўшы, што яму гэта «сышло з рук». Яго ўліковыя запісы былі заблакіраваныя ў Facebook, Instagram, YouTube і TikTok. У Twitter (цяпер X) блогера таксама забанілі, але Ілан Маск вярнуў яму акаўнт — цяпер там амаль 11 млн падпісчыкаў.

Акрамя братоў Тэйт, сёлета на ПМЭФ прыязджалі і іншыя скандальна вядомыя замежнікі. Сярод іх — былы марпех ЗША і экс-інспектар ААН у Іраку Скот Рытэр, асуджаны ў 2011 годзе на два з паловай гады за мастурбацыю ў відэачаце з супрацоўніцай паліцыі, якая выдавала сябе за 15‑гадовую дзяўчынку. Пасля вызвалення ён неаднаразова выступаў з прарасійскімі заявамі, а ў межах форуму, між іншым, сцвярджаў, што Еўропа «павінна або добраахвотна, або прымусова спыніць сваю агрэсіўную палітыку ў дачыненні да Расіі», а еўрапейская палітыка «перашкаджае вырашэнню канфлікту ва Украіне». Таксама сярод гасцей была ультраправая актывістка Кэндэс Оўэнс, вядомая канспіралагічнымі тэорыямі пра тое, што Брыжыт Макрон — трансгендарная жанчына, а амерыканцы ніколі не былі на Месяцы. На форуме яна выступіла на сесіі пра «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці».

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках