Навукоўцы раскрылі сакрэт звышчуллівага слыху сланоў
- 20.07.2026, 8:39
- 1,654
Гэтыя жывёлы чуюць адзін аднаго на адлегласці да 5 кіламетраў.
Група амерыканскіх навукоўцаў высветліла, чаму сланы так добра ўлоўліваюць ваганні глебы: справа ў памеры костачак сярэдняга вуха і асаблівай мышцы, піша New Voice.
Сланы камунікуюць адзін з адным з дапамогай гукаў, што распаўсюджваюцца ў паветры, і чуюць адзін аднаго на адлегласці да 5 кіламетраў. Аднак у іх ёсць і другі канал сувязі — сейсмічныя хвалі, што праходзяць праз зямлю. Вібрацыя перадаецца ад ступняў праз ногі і далей па касцях чэрапа проста ў ўнутранае вуха, дзякуючы чаму сланы ўлоўліваюць такія сігналы на адлегласці 10 і больш кіламетраў. Гэты механізм называюць касцяной праводнасцю.
Каб разабрацца ў яго прыродзе, навукоўцы працавалі са скроневымі косткамі — часткай чэрапа, дзе размешчаныя сярэдняе і ўнутранае вуха. Узоры былі ўзятыя ў памерлых сланоў і людзей-данараў. Косці замацавалі на прыладзе, якая імітавала праходжанне гуку праз цела, а лазерны прамень фіксаваў зрух святлоадбівальных пазнак на вушных костках у адказ на розныя частоты.
Высветлілася, што слыхавыя костачкі слана найлепш вібруюць на частаце каля 400 Гц, а чалавечыя — прыблізна на 1,2 кГц. На частотах ніжэй за гэтыя значэнні страмянка слана — маленькая костачка, якая перадае ваганні ва ўнутранае вуха, — рухалася ў тры–чатыры разы актыўней, чым у чалавека; гэта азначае, што да слімака паступала больш вібрацый.
Прычына такой адчувальнасці да нізкіх частот, найхутчэй, чыста анатамічная. Слыхавыя костачкі сярэдняга вуха ў сланоў у дзевяць разоў цяжэйшыя, а барабанныя перапонкі — у сем разоў большыя, чым у чалавека.
«Дзякуючы памеру вуха сланы лепш перадаюць нізкачастотныя гукі да слімака. Спецыялізацыя ж узнікае таму, што слімак адаптуецца да гэтага ўзмоцненага патоку і генеруе нейронныя сігналы, якія галаўны мозг выкарыстоўвае для камунікацыі», — растлумачыў старэйшы аўтар даследавання, дацэнт кафедры аталарынгалогіі Гарвардскай медыцынскай школы Суніл Пурыя.
Яшчэ адна перавага сланоў — здольнасць па ўласнай волі закрываць вушны канал, якой пазбаўлены людзі. Пры ўспрыманні частот каля 200 Гц і ніжэй слон можа скарачаць мышцу, што перакрывае канал. Эфект нагадвае выкарыстанне берушаў чалавекам.
Пурыя адзначыў, што самі сланы выдаюць інфразвукавыя сігналы ў дыяпазоне ад 10 да 20 Гц: «Паводле нашых ацэнак, здольнасць закрываць вушныя каналы магла б узмацняць іх слых, заснаваны на касцяной праводнасці, да 30 разоў пры ўспрыманні гэтых інфразвукавых частот».