21 лiпеня 2026, aўторак, 6:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЧС-2026 стаў самым прыбытковым спартыўным турнірам у гісторыі

7
ЧС-2026 стаў самым прыбытковым спартыўным турнірам у гісторыі

Колькі зарабіла ФІФА?

Наймаштабнейшы чэмпіянат свету па футболе 2026 года завяршыўся 19 ліпеня перамогай Іспаніі над Аргенцінай. Аднак галоўным фінансавым пераможцам турніру стала сама ФІФА, якая па выніках года атрымае рэкордны даход, піша CNBC.

Паводле ўласных ацэнак ФІФА, даход арганізацыі за 2026 год перавысіць 9 мільярдаў долараў. Такім чынам, гэты чэмпіянат свету па футболе стаў самым прыбытковым спартыўным турнірам у гісторыі.

Упершыню на фінальнай стадыі змагаліся 48 зборных замест 32 чатыры гады таму, а колькасць матчаў вырасла з 64 да 104. Сам турнір цягнуўся шэсць тыдняў замест чатырох.

Больш матчаў азначае больш кантэнту для тэлекампаній, больш прададзеных квіткоў і больш магчымасцяў для рэкламадаўцаў, а значыць і шырэйшую сусветную аўдыторыю. Рухавіком агрэсіўнай камерцыялізацыі турніру выданне называе прэзідэнта ФІФА Джанні Інфанціна.

Паўночная Амерыка стала ідэальным палігонам для тэставання новага фармату з 48 камандамі, але не абышлося і без крытыкі. Перш за ўсё з-за цэн на квіткі, якія вагаліся ад 60 дол. да больш як 10 тыс. дол. Пры гэтым, паводле звестак аналітычнай кампаніі TicketData, сярэдні кошт квітка перавысіў 900 дол. Нягледзячы на асцярогі адносна даступнасці квіткоў, попыт заставаўся ўстойлівым. Паводле дадзеных Football Benchmark, на групавым этапе стадыёны былі запоўнены амаль цалкам — на 99%.

Натхнёны высокімі продажамі квіткоў, Джанні Інфанціна ўжо заяўляў пра магчымасць пашырэння турніру да 64 каманд у 2030 годзе.

У CNBC дадаюць, што турнір 2030 года абяцае быць яшчэ больш маштабным. ФІФА заклала на яго правядзенне бюджэт у 6 млрд дол. Спаборніцтвы будуць прыурочаныя да 100-годдзя першага чэмпіянату свету, і арганізацыя ўжо называе яго яшчэ больш прывабнай падзеяй для тэлерадыёкампаній.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках