У Бабруйску абрынулася частка сцяны былога езуіцкага касцёла
2- 22.07.2026, 18:49
- 1,114
Гэта найстарэйшы захаваны будынак горада.
У Бабруйску абрынулася сцяна паўночнай сакрыстыі былога езуіцкага касцёла — найстарэйшага захаванага будынка горада. Пра гэта піша тэлеграм-канал «Спадчына».
«Як вынікае са здымкаў, абвал аўтэнтычнага мура адбыўся яшчэ ў красавіку, аднак з-за поўнай закінутасці аб’екта на гэта звярнулі ўвагу толькі цяпер. Помнік архітэктуры, які афіцыйна ўнесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, пустуе з пачатку нулявых, а пасля моцных пажараў 2011 і 2012 гадоў яго фізічная дэградацыя набыла незваротны характар», — піша «Спадчына».

Мураваная трохнефная базыліка ў стылі барока была ўзведзеная ў 1745—1747 гадах паводле праекта вядомага віленскага архітэктара Томаша Жаброўскага. Першапачаткова комплекс уключаў калегіюм, бібліятэку і тэатр, аднак ужо ў першай палове XIX стагоддзя падчас будаўніцтва Бабруйскай крэпасці расійскія ўлады карэнным чынам перабудавалі храм пад цэйхгаўз, знішчыўшы фігурны франтон і дзве вежы на галоўным фасадзе. У савецкі час гістарычны аб’ект выкарыстоўваўся як ваенная турма — гауптвахта.
