«У 50 гадоў вывучыла дзве мовы»
- 27.07.2026, 11:04
- 1,330
Дацэнтка страціла працу ў беларускім ВНУ — і выбудавала кар’еру нанова ў Польшчы.
Марына Салтыкова-Волкавіч больш за 20 гадоў прапрацавала выкладчыцай у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце. У 2020 годзе яна адкрыта падтрымала студэнтаў, якіх адлічвалі і затрымлівалі за пратэсты. Хутка яе звольнілі, і яна вымушана выехала ў Польшчу.
Сёння Марына зноў выкладае, але ўжо ў польскім ВНУ. Беларуска распавяла MOST, як здолела пабудаваць кар’еру выкладчыцы нанова ў Польшчы і чым кардынальна адрозніваецца сістэма адукацыі ў дзвюх краінах.
У Гродне Марына працавала на кафедры педагогікі і псіхалогіі дзяцінства. У яе выйшла 90 публікацый, у тым ліку вучэбна-метадычныя дапаможнікі; пад яе кіраўніцтвам студэнты абаранілі некалькі магістарскіх дысертацый.
У 2020 годзе прарэктар па выхаваўчай працы выклікаў міліцыю на пратэстуючых студэнтаў. Кагосьці потым адлічылі, кагосьці — затрымалі. Марына напісала пра гэта ў універсітэцкім Telegram-чаце.
— Я напісала, што ганьба (прарэктараму. — Заўв.), што ён на студэнтаў, як на ўласных дзяцей, выклікаў міліцыю. Гэта як маці не змагла б справіцца са сваімі дзецьмі і выклікала б міліцыю ці АМАП, каб іх забралі, пасадзілі ў турму. Няўжо інакш нельга было паразмаўляць са студэнтамі? — успамінае яна.
«Разумела, што праз нейкі час за мной прыйдуць»
Пазней Марыну звольнілі — паводле яе слоў, па распараджэнні прарэктара па бяспецы. Далей заставацца ў Беларусі стала рызыкоўна:
— Я разумела, што праз нейкі час за мной прыйдуць і «прышыюць» артыкул арганізатаркі экстрэмісцкага згуртавання.
На зборы з краіны пайшлі лічаныя гадзіны. Польшчу яна выбрала невыпадкова: даўно любіла польскую культуру, хоць ехала, паводле яе ўласных слоў, «у нікуды».
— Польскую мову я ведала на бытавым узроўні — пагутарыць з кімсьці, паглядзець польскі фільм. Але каб чытаць лекцыі, патрэбная была польская на акадэмічным узроўні.
Прыбірала, працавала ў IT і з украінскімі бежанцамі
Першым часам пасля пераезду Марына працавала прыбіральшчыцай. Потым асвоіла адну з IT-спецыяльнасцяў і ўладкавалася на працу. Калі пачалася вайна ва Украіне, яе на некаторы час запрасіў фонд — працаваць псіхолагам з украінскімі бежанцамі. Але яна заўсёды марыла вярнуцца да выкладчыцкай дзейнасці.
На вывучэнне польскай мовы да акадэмічнага ўзроўню пайшло прыкладна тры месяцы. Заадно Марына падцягнула і англійскую — без яе складана працаваць у еўрапейскім ВНУ.
— Атрымліваецца, што ў пяцьдзясят вывучыла дзве мовы, — кажа беларуска.
«Тут нікога не цікавілі мае палітычныя погляды»
Марына пачала спрабаваць уладкавацца ў польскія ВНУ — кантакты, якія перадалі ёй знаёмыя, былі ў некалькіх польскіх гарадах. У выніку выбрала ўніверсітэт, які апынуўся ёй найбліжэй геаграфічна — недалёка ад Варшавы.
— Калі я прыйшла ў польскую ВНУ, тут нікога не цікавілі мае палітычныя погляды. Тут ацэньвалі тое, што сапраўды мае значэнне: мае навуковыя працы, методыкі і ўменне працаваць са студэнтамі, — кажа суразмоўніца.
Першыя паўгода яна вяла курсы па працы з людзьмі рознага ўзросту, сучаснай польскай педагогіцы, эмацыйна-сацыяльным развіцці дзяцей, дыягностыцы адукацыйных патрэб і дыдактыцы.
Потым Марына выйграла конкурс на вакансію і заняла пасаду ад’юнкткі дыдактычна-даследчага профілю — гэта польская акадэмічная пазіцыя, якая спалучае выкладанне і навуковую працу.
— Калегі прынялі мяне як роўную прафесіяналку, а студэнты — як выкладчыцу, якой ёсць што даць, — успамінае яна.
«У Гродне не магла сабе ўявіць, што мяне запрашаюць на канферэнцыю ў Пальма-дэ-Майорку»
Перамога ў конкурсе не дае аўтаматычна пастаяннага месца: праз тры гады працы збіраецца камісія на чале з прарэктарам і ацэньвае ўклад выкладчыка — не толькі заняткі, але і публікацыі, распрацоўку праграм, удзел у акрэдытацыях інстытута (інстытут, дзе працуе Марына, за гэты час двойчы прайшоў такую акрэдытацыю). Па выніках камісіі выкладчык можа атрымаць падаўжэнне кантракта на пастаяннай аснове.
— У еўрапейскім акадэмічным асяроддзі ацэньваюць не ўзровень лаяльнасці да начальства, а рэальныя веды, навуковыя публікацыі і практычны досвед, — дадае яна.
Марына распавядае, што паспела зрабіць у польскім універсітэце: выдала пад сваёй рэдакцыяй манаграфію з працамі вучоных з Паўднёвай Афрыкі і Польшчы, напісала ўласную манаграфію па арт-тэрапіі — гэтую тэму яна пачала распрацоўваць яшчэ ў Гродне. Яшчэ двойчы ўдзельнічала ў арганізацыі фестывалю навукі, чытала адкрытыя лекцыі для жыхароў горада ў межах праграмы «адкрытага ўніверсітэта», выступала на міжнародных канферэнцыях, паўгода выкладала па-англійску студэнтам з Турцыі, якія вучацца па праграме студэнцкіх абменаў Erasmus, і сама некалькі разоў выйгравала конкурс на паездку па Erasmus.
— У Гродне я не магла сабе ўявіць, што дасылаю навуковую працу — і мяне потым запрашаюць на канферэнцыю ў Пальма-дэ-Майорку. У Польшчы такое адбылося, — кажа Марына.
«Калі з’яўляецца праблема, яе адразу ўбудоўваюць у праграму навучання»
Беларуская педагогіня распавядае, што навучанне ў польскім ВНУ сканцэнтравана на практычнай частцы: тут важна, каб студэнты выходзілі пасля вучобы не толькі з тэарэтычнай базай, але і ўпэўнена адчувалі сябе ў працы — умелі правесці кансультацыю ў цэнтры псіхалагічнай дапамогі, занятак па анімалатэрапіі або арганізаваць працу з пажылымі людзьмі.
— Калі ў грамадстве з’яўляецца нейкая праблема, яна тут жа ўбудоўваецца ў праграму навучання. Яксьці ў Польшчы быў гучны выпадак гвалту над дзіцём з боку апекуна. Яго абмяркоўвалі ў грамадстве. Пасля гэтага ў курс дадалі матэрыял пра тое, як своечасова распазнаваць падобныя сітуацыі, рэагаваць на іх і весці прафілактыку.
«Памочнік рэктара можа прапанаваць табе каву заварыць»
Марына параўноўвае працоўную нагрузку ў дзвюх краінах. Па гадзінах нагрузка ў Польшчы заўважна меншая, чым у Беларусі, кажа яна. Сёлета ў яе атрымалася амаль падвойная стаўка: адразу тры калегі захварэлі, і іх нагрузку падзялілі паміж некалькімі выкладчыкамі.
— Але нават так я працавала менш гадзін, чым працавала б на адну стаўку ў Гродне. А заробак у польскім ВНУ, вядома, значна большы, — кажа суразмоўніца.
Заочнае навучанне тут таксама адрозніваецца. Заочнікі ў Польшчы прыходзяць не на двух-трохтыднёвую сесію, а вучацца па суботах і нядзелях.
— Ну і, вядома, стасункі паміж калегамі іншыя. Памочнік рэктара можа прапанаваць табе каву заварыць. Такое ў Беларусі складана ўявіць — там субардынацыя жорсткая.
«Тут няма штучных бар’ераў»
Асобна беларуска распавядае пра тэхнічную базу: у кожнай аўдыторыі — вялікі экран і сучасны камп’ютар. У Беларусі такіх аўдыторый было вельмі мала, і даводзілася іх загадзя браніраваць, калі падчас лекцыі трэба было нешта дэманстраваць.
Марына кажа, што праца ў польскім універсітэце адкрыла для яе зусім іншы маштаб працы выкладчыцы.
— Сёння я на практыцы бачу, што такое сапраўдная інтэграцыя ў сусветную навуковую супольнасць. Тут няма штучных бар’ераў, а прафесійны рост вымяраецца якасцю тваіх ідэй і маштабам тваіх даследаванняў. Менавіта гэта я хацела б управадзіць і ў беларускім ВНУ, калі з’явіцца такая магчымасць, — каб і ў студэнтаў, і ў выкладчыкаў была магчымасць ездзіць і вучыцца паўсюль.