82 гады таму было прынятае рашэнне аб пачатку Варшаўскага паўстання
1- 31.07.2026, 15:09
На наступны дзень барацьбу з акупантам пачалі 30–40 тысяч салдат Арміі Краёвай.
Роўна 82 гады таму было прынятае рашэнне аб пачатку Варшаўскага паўстання, і генерал Тадэвуш Бур-Камароўскі прамовіў словы «распаўсюджваю аперацыю «Бура» на Варшаву», паведамляе Polskie Radio.
На рашэнне камандзіраў Арміі Краёвай паўплывала мноства фактараў, аднак урэшце вырашальнай аказалася непацверджаная інфармацыя, якая пазней, на жаль, апынулася няпраўдзівай.
Асноўнай мэтай Варшаўскага паўстання павінна было стаць вызваленне горада да ўступлення савецкіх войскаў і сустрэча іх у сталіцы прадстаўнікамі польскага ўрада і польскай арміі. Камандзіры Арміі Краёвай разумелі, што ўласнымі сіламі яны не маюць шанцаў заняць і ўтрымаць горад. Таму пачатак паўстання павінен быў залежаць не толькі ад аслаблення немцаў, але і ад прасоўвання Чырвонай арміі.
Як распавядае доктар Шымон Нядзеля, гісторык з Музея Варшаўскага паўстання, 31 ліпеня 1944 года падчас нарад кіраўніцтва Арміі Краёвай вяліся жаркія дыскусіі. У выніку вырашальнай стала інфармацыя пра магчымы пачатак савецкага наступу. Гісторык адзначае, аднак, што сёння нельга абвінавачваць камандзіраў Арміі Краёвай у лёгкадумнасці. Тады варшаўцы бачылі адступаючыя, якія здаваліся разбітымі, нямецкія войскі і чулі кананаду фронту, што набліжаўся. Акрамя таго, камандзіры Арміі Краёвай разумелі, што занадта позняе прыняцце рашэння можа зрабіць немагчымым дасягненне палітычных мэтаў паўстання.

1 жніўня 1944 года барацьбу з акупантам пачалі 30–40 тысяч салдат Арміі Краёвай. Аднак польскія сілы ў большасці былі дрэнна ўзброеныя, не ставала боепрыпасаў і рыштунку. Без дастатковай падтрымкі з боку заходніх саюзнікаў і пры бяздзейнасці Чырвонай арміі, якая спыніла наступ, Варшава капітулявала праз 63 дні баёў.